Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Глыбокім зноў спрабуюць прадаць будынак кляштару кармэлітаў, які ўдзельнічаў у вызвольным паўстаньні


Кляштар кармэлітавў у Глыбокім
Кляштар кармэлітавў у Глыбокім

Будынак кляштара кармэлітаў у цэнтры Глыбокага, помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, другі раз выставілі на аўкцыён для продажу за адну базавую велічыню — 32 рублі.

Пра прызначэньне новага аўкцыёну паведамілі 6 кастрычніка ў камітэце «Віцебскаблмаёмасьць». Раней будынак кляштару спрабавалі прадаць у траўні гэтага году, а да таго — у 2019 годзе, усё беспасьпяхова. Цяперашні аўкцыён адбудзецца 10 кастрычніка.

Манастыр і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі пабудавалі ў 1639–1654 гадох дзякуючы грошам фундатара — ваяводы амсьціслаўскага і старосты дзісенскага Язэпа Корсака.

У 1831 годзе манахі-кармэліты падтрымалі вызвольнае паўстаньне супраць расейскага панаваньня, а кляштарныя сутарэньні сталі месцам для захоўваньня арсэналу зброі, лячэньня параненых і хованкай для паўстанцаў.

У 1865-м, ужо пасьля паўстаньня 1863 году манастыр закрылі, а касьцёл з 1875 стаў праваслаўнай царквой. У жылым корпусе ў розныя гады дзейнічалі пансіён, бібліятэка, шпіталь, склады. На сёньня захавалася толькі адно крыло корпуса, два іншыя разабралі расейскія захопнікі ў 1892 годзе.

Кляштар кармэлітаў у 1935 годзе
Кляштар кармэлітаў у 1935 годзе

Аб’ект уяўляе сабой двухпавярховы цагляны будынак плошчай 1280 квадратных мэтраў з падвалам, да яго ўчастак плошчай 10 сотак з правам арэнды на 40 гадоў.

Кляштар кармэлітаў, сучасны выгляд
Кляштар кармэлітаў, сучасны выгляд

Акрамя манастыра, у кастрычніку «Віцебскаблмаёмасць» паспрабуе прадаць яшчэ 81 аб’ект, у тым ліку 54 — за адну базавую. На продаж выстаўлены 30 былых школ і дзіцячых садкоў, 12 дамоў культуры, 3 лазьнева-пральных камбінаты, 2 кандытарскія цэхі, 5 адміністрацыйных будынкаў, 8 крамаў, а таксама база адпачынку ў Полацкім раёне.

У Беларусі складаная сытуацыя зь гістарычнай спадчынай. Штогод улады зносяць будынкі, якія мелі гістарычную каштоўнасьць, але не заўсёды ўносіліся ў сьпіс гісторыка-культнрунай спадчыны. Напрыклад, у кастрычніку ў Бабруйску зьнесьлі будынак вінзаводу 1897 году пабудовы. Улады адмовіліся прызнаць яго каштоўнасьцю, прадаць будынак з аўкцыёну ў 2020-м не атрымалася, а сёлета яго прызналі аварыйным і ўзарвалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG