Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 лістапада: «аблава» ГУБАЗіКу ў Паставах; за «зьліў» зьвестак затрымалі вядучага інжынэра «МенскЭнэрга»


Аляксандар Дураеў
Аляксандар Дураеў

Рэпрэсіі супраць беларусаў працягваюцца.

Праваабаронцам сталі вядомыя вынікі судовага працэсу над стаматолягам-артапэдам мэдыка-санітарнай часткі «Гродна Азот» Аляксандрам Дураевым, які амаль 50 разоў у сацыяльных сетках абразіў прадстаўнікоў улады, у тым ліку Лукашэнку.

Працэс, які вёў судзьдзя Віталь Лабоцкі, пачаўся сёлета 28 красавіка, але разгляд прыпынялі для правядзеньня комплексных лінгвістычных экспэртызаў. Затым, 20 верасьня, у працэсе абвясьцілі чарговы перапынак, каб даць магчымасьць абвінавачанаму сплаціць матэрыяльныя кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпелым.

Аляксандра Дураева затрымалі ў пачатку студзеня 2022 году. Трымалі да суду ў горадзенскай турме № 1.

На відэа ператрусу дому Аляксандра на канале ГУБАЗіК паказалі пісталет, патроны і часопісы з аголенымі жанчынамі. Абвінавачаны растлумачыў, што патроны ён прывёз з Манголіі, яны ў яго захоўваюцца з 1990-га. Які закон ён парушыў часопісамі і чаму на іх зьвярнулі ўвагу, сілавікі не абгрунтавалі.

На судзе агучвалі вынікі шматлікіх лінгвістычных экспэртызаў.

Паводле адной зь іх, ненарматыўнай формай маўленчага выказваньня ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі прызнаныя словы «псыхапат», «звар’яцелы», «карнік і дыктатар», «жывёла» і дзясяткі іншых. Іншыя выразы (агулам іх на некалькі дзясяткаў старонак справы) прызнаныя непрымальнай формай выказваньня.

У выніку лекара абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), абразе і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (ч. 1 арт. 368 і ч. 2 арт. 367), а таксама ў незаконных дзеяньнях у дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэксу). У сукупнасьці пакараньняў 29 верасьня мужчыну канчаткова прызначылі 3 гады ў калёніі агульнага рэжыму.

У Менску затрымалі вядучага інжынэра «Менскэнэрга». У «Віцебскэнэрга» — ператрус

Вядучага інжынэра «МенскЭнэрга» абвінавачваюць у перадачы пэрсанальных зьвестак больш за 500 службовых асобаў тэлеграм-каналам. Яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК («дапамога ў распальваньні варажнечы, здзейсьненым групай асобаў»), паведамляе «Вясна».

У «Віцебскэнэрга» сілавікі прыходзілі зь ператрусам да начальніцы аддзелу бухгальтарскага ўліку і эканамічнага плянаваньня. Спачатку яе забралі ў КДБ, а потым арыштавалі на 15 дзён і зьмясьцілі ў ІЧУ.

У Паставах адбыліся масавыя затрыманьні

24 лістапада ГУБАЗіК правёў «аблаву» ў Паставах, паведаміў глыбоцкі Кастусь Шыталь.

«Сярод затрыманых Юры Дзіковіч, Уладзімер Лашчотка, Сяргей Ляўко. У Дзіковіча быў ператрус яшчэ ў пачатку 2021 году, ён быў у статусе падазраванага за нейкі камэнтар у Telegram.
Мясцовыя паведамляюць, што прынамсі супраць часткі затрыманых маглі быць распачатыя крымінальныя справы», — напісаў Шыталь у Facebook.

Паводле «Нашай нівы», ператрусы ў Паставах адбыліся прынамсі ў 11 чалавек. Траіх затрымалі, а аднаго з іх сілавікі звезлі ў Мінск. Нагодай для масавага пераследу жыхароў Паставаў мясцовыя называюць пратэсты 2020 году і крытыку кіраўніка раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG