— Ты ўжо шмат што расказваў пра Мойшэ Кульбака (1896–1937) пры нагодзе выхаду тваіх перакладаў ягонай прозы — раманаў «Панядзелак» і «Мэсія з роду Эфраіма». Але вось сёлета выйшаў, як мне здаецца, самы калясальны з тваіх перакладніцка-дасьледніцкіх пачынаў: Мойшэ Кульбак «Усе вершы і паэмы» — у двух тамах. Таму раскажы нам крыху пра Кульбака як пра паэта. Пачнем з пытаньня, ці былі ў яго папярэднікі, ідышамоўныя паэты, ад якіх ён мог вучыцца? Хто яны?
— Ох, ты хочаш, каб я табе ў рамках інтэрвію пераказаў усю гісторыю паэзіі на ідыш да Кульбака? Тым больш што я не магу назваць сябе вялікім спэцыялістам у гэтай галіне… Але першае, што варта зазначыць: калі шмат у якіх «маладых» літаратурах, такіх, што ўзьніклі або набралі сілу ў ХІХ стагодзьдзі, спачатку зьявіліся паэты (свае Купалы і Коласы), у літаратуры на ідыш пачынальнікамі-патрыярхамі былі празаікі. Прычым трое клясыкаў ідыскай літаратуры — Мэндэлэ Мойхер-Сфорым, Шолэм Алэйхэм і Іцхок-Лэйбуш Пэрэц — пачыналі адразу з раманаў.
За шырокімі сьпінамі тройцы клясыкаў паэты былі неяк менш прыкметныя, але, вядома ж, у Кульбака былі папярэднікі. Інтэнсіўнае разьвіцьцё ідыш-паэзіі прыпадае на першыя дзесяцігодзьдзі ХХ стагодзьдзя, калі — як і навокал у Эўропе — убраўся ў сілу мадэрнізм і ўсялякія новыя формы. Я магу пералічыць нейкія прозьвішчы, але яны сёньня мала што скажуць непадрыхтаванаму чытачу — Довід Эйнгорн (з Карэлічаў), Лэйб Найдус (з Горадні), Мані Лэйб, Мойшэ Лэйб Гальпэрн, Г. Лэйвік (з Ігумену), Довід Гофштэйн…
Безумоўна, яны задавалі кантэкст, у якім Кульбак фармаваўся як паэт. У першых яго сымбалісцкіх вершах спэцыялісты адзначаюць непасрэдныя ўплывы Эйнгорна. Але ў свае фармацыйныя гады Кульбак актыўна чытаў і паэзію на іншых мовах, перадусім на нямецкай. Прыкладам, Гайнрых Гайнэ ў розных ягоных творах згадваецца або цытуецца — адкрыта або схавана — не адзін раз.
— Перш чым паставіць другое пытаньне, я працытую ўрывак з паэмы Кульбака «Горад» («Di štot»). Спачатку твой пераклад, а потым лацінскую трансьлітарацыю арыгіналу на ідыш:
Маўчаньне каменнае вісіць над дамамі, вялізныя камяніцы кленчаць
І сьпяць, як вярблюды, што разьлегліся на адпачынак, разявіўшы пашчы і веі.
Ліецца чорна-стамлёная ноч у падстрэшшы, коміны і трубы,
І сьпявае месяц у самотным атачэньні зорак — срэбных галубак…
Švajgeniš štejnerne hengt af di štiber, di mojern rizike knien
Un šlofn, vi kemlen, celejgte af opru, mit ofene majler un vien.
Es gist zix di švarc-mide naxt in di bejdimer, kojmens un trojbn,
Un s’zingt di levone in ejnzamer svive fun štern — di zilberne tojbn…
Патлумач свой прынцып перакладу. Пераклад хоць і літаральны, наколькі я магу меркаваць са сваім рудымэнтарным веданьнем нямецкай, не чытаецца як падрадкоўнік, а як паэзія. Але рыфму ты не захоўваеш. Тут, відаць, толькі выпадкова надарылася шчасьлівая сугучнасьць трубы/галубак…
— Тут я мушу расказаць ня толькі і ня столькі аб прынцыпе перакладу, як наагул пра канцэпцыю гэтай кнігі. Калі з выхадам двух маленькіх раманаў (у дадатак да ўжо вядомых у нас «Зэлмэнянаў») беларускі чытач займеў магчымасьць азнаёміцца з прозай Кульбака, дык з паэзіяй справа абстаяла складаней.
Выдадзены ў 1970 годзе зборнік выбраных вершаў у беларускім перакладзе мала чаго варты — там часам наагул немагчыма выявіць арыгіналы вершаў, зь якіх рабіліся «пераклады», ад Кульбака там амаль нічога не засталося. За апошняе дзесяцігодзьдзе зьявіліся вельмі добрыя новыя пераклады вершаў і паэмы «Райсн» — тут пастараўся Андрэй Хадановіч, але гэта толькі малая частка паэтычнай спадчыны Кульбака.
Як вярнуць у культурны кантэкст Беларусі паэзію Кульбака ў максымальна поўным аб’ёме, не чакаючы, пакуль Андрэй пакладзе зь дзясятак гадоў на адэкватнае перастварэньне па-беларуску тэкстаў арыгіналу?
Рашэньне падказаў адзін экспэрымэнт. Мы з жонкай паспрабавалі прачытаць першыя разьдзелы паэмы «Дзісенскі Чайлд-Гарольд» у пяці-шасьці перакладах на розныя мовы. Вось жа найдалей ад духу і літары арыгіналу былі тыя тэксты, дзе перакладчыкі імкнуліся захаваць рытм і ўтрымаць рыфму. Затое «найбольш Кульбака» захаваў нямецкі пераклад, які, хоць і перадаваў радок за радком, але ня дбаў ні пра рытміку, ні пра рыфму, а як мага дакладней тлумачыў сэнс.
І мы вырашылі, што найлепшым кампрамісам будзе перакласьці радок за радком так, нібы Кульбак пісаў «па-сучаснаму», вольным вершам. Гэта можна было б назваць празаічным перакладам, але я стараўся, каб у выніку выйшаў не тэхнічны падрадкоўнік, а тэкст, які па магчымасьці захоўвае ў сабе пэўную паэтычную эстэтыку.
Разьлік такі: творы разьмешчаныя ў кнізе на паралельных старонках, чытач адначасова бачыць тэкст на ідышы і па-беларуску, вычытвае зьмест зь перакладу і дапаўняе яго формай з арыгіналу. Прычым асноўны тэкст — якраз арыгінал. Папераменнае чытаньне левай і правай старонкі пасьля каторага там разу дазваляе разумець арыгінал на ўзроўні калі ня роднай, дык прынамсі добра вывучанай мовы.
Ці ты паспрабаваў гэтак чытаць, і што з гэтага выйшла?
— Я так і чытаў. І падумаў сабе, што пачытай я так дні два запар, дык і ідыш адолею :) Дарэчы, «Горад» — выдатная паэма, калі меркаваць па тваім перакладзе :) Калі б чалавек ня ведаў, што Кульбак напісаў яе больш як 100 гадоў таму, то сказаў бы, што гэта цалкам сучасная паэзія… Неяк зусім па-іншаму гучыць для сёньняшняга вуха беларуская паэзія 1910-х і 1920-х… А як ты мяркуеш?
— Бачыш, нас дзесяцігодзьдзямі вучылі, што паэзія — гэта калі складна і ў рыфму. Але ж мы з табой ужо даўно ведаем, што гэта не зусім так, а часам і зусім ня так. Так і тут — паэзія ў паэме «Горад» — ня (толькі) ў рытме і рыфмах, а ў нечым глыбейшым.
Дарэчы, Кульбак ужо і тады пісаў некаторыя свае творы, у тым ліку паэмы, вольным вершам. Беларуская паэзія яго сучасьнікаў была збольшага традыцыйнай, хоць у 1920-х гадах хапала і там сваіх экспэрымэнтаў.
— А «Горад» — гэта пра які горад? Менск? Вільню? Бэрлін?
— У самой паэме ніякіх канкрэтных зачэпак няма. (Як, прыкладам, і ў рамане «Панядзелак».) Адзіны намёк на лякалізацыю — тое, што напісана пад апошнім радком паэмы: «Менск, 7/IV 1919».
Гэта сьведчыць пра тое, што пісалася паэма адназначна ў Менску, дзе аўтар жыў ад вясны 1918-га да вясны 1919-га, прычым і прыезд у Менск, і выезд зь яго ахутаныя таямніцай. У Менску Кульбак перажыў нямецкую акупацыю і пасьля прыход бальшавікоў. Паводле біёграфаў — настаўнічаў, пісаў артыкулы і вершы, выступаў на паэтычных чытаньнях. Пошукі біяграфічнай інфармацыі пра менскі пэрыяд нагадваюць археалягічныя раскопкі старажытных цывілізацыяў — поўныя камплекты менскай ідыскай пэрыёдыкі за тыя месяцы знайсьці амаль немагчыма (але я ня трачу надзеі…).
Яшчэ што да паэмы «Горад» — тады, сто гадоў таму, яе часам разглядалі ледзь не як гімн рэвалюцыі (у прыватнасьці фрагмэнт пра «бронзавых хлопцаў»). Аднак, калі сёньня ўважліва перачытаць гэты твор, там пачуецца і адчуецца нешта зусім іншае… Зрэшты, хай мяркуюць чытачы.
— Працытую цяпер кавалачак паэмы «Беларусь», з часткі, якая называецца «Гоняць плыты»:
Прастор, сьвежасьць лугоў травяных, што пахнуць, зіхацяць і плачуць,
а вакол яшчэ плывуць пасмы туману — сны палёў і раўнінаў…
І плывуць плыты, павольна, павольна, паварочваючы разам зь берагамі,
саламяныя буданы зьзяюць і выпараюць расу і дождж.
Дзед тым часам ляжыць… Курыць люльку і жмурыць вочы ад асалоды:
цёплая зямля, бліскучая і тлустая, расьцягнулася так моцна,
расквадрацілася на палі і балоты, жоўтыя, сьветлыя і зялёныя —
разьліваецца празрыста-дрыготкі лён на бурштынавых тонкіх сьцяблінках,
зелень палёў бульбяных ляжыць астылая, матавая, развараная…
І ўсьміхаецца кароткая ружовая грэчка, абсыпаная белымі крапінкамі…
Прыгожая паэма, яе можна было б урыўкамі даваць у хрэстаматыі для старэйшых клясаў у Беларусі. Але наўрад ці дадуць калі-небудзь… А дзе-небудзь — ці магчыма, каб Кульбак увайшоў, калі ня ў школьныя хрэстаматыі, то ў курсы літаратуры ў ВНУ? Інакш кажучы, калі зьняць з уліку Беларусь, то дзе і каму яшчэ сёньня можа быць цікава чытаць Кульбака і вывучаць ягоную творчасьць, ці проста помніць пра яе? У Ізраілі?
— Так, паэма «Райсн» («Беларусь») — гэта адзін з прызнаных паэтычных гітоў Кульбака. Сёлета ў лютым споўнілася 100 гадоў ад яе першай публікацыі ў нью-ёрскім часапісе «Цукунфт», з гэтай нагоды Андрэй Хадановіч падрыхтаваў новы — «традыцыйна» паэтычны — пераклад, які заслугоўвае самай высокай адзнакі. І я веру, што ён некалі знойдзецца і ў школьнай праграме, і ў хрэстаматыях, і ўжо ж напэўна ў курсах літаратуры ў ВНУ.
У 1920–1930-х гадах гэтая паэма, вядома ж, чыталася і вывучалася ў яўрэйскіх школах розных узроўняў і ўваходзіла ў розныя зборнікі і хрэстаматыі. Але пасьля насталі 1940-я…
Чый, як не беларускі, сёньня яшчэ можа быць Кульбак? Ну па-першае, яго творчасьць шануюць у Літве, хоць і мала пра яе ведаюць. Крыху кур’ёзна, але як для беларусаў Кульбак быў беларускім дзякуючы пераважна адзінаму вядомаму твору — менскаму раману «Зэлмэняне», так і для літоўцаў ён быў літоўскі дзякуючы адной толькі паэме «Вільня». А гэтыя два творы, хоць і вельмі важныя, але складаюць толькі невялічкую частку яго творчага даробку, і па іх зусім немагчыма меркаваць аб усёй астатняй яго творчасьці.
У Ізраілі справа зь ідышам і літаратурай на ідышы выглядае складаней, хоць і ня так безнадзейна, як у першыя дзесяцігодзьдзі існаваньня краіны, калі еднасьць рознакультурнага грамадзтва мацавалі іўрытам, а мовы дыяспараў імкнуліся забыць, як страшны сон.
Калі без прывязкі да канкрэтных краінаў — Кульбака чытаюць і дасьледуюць на розных курсах і сэмінарах, прысьвечаных ідыскай літаратуры, у самых розных краінах сьвету.
— Ці лёгка было перакладаць? Я маю на ўвазе, ці дастаткова ты меў нейкіх дапаможных інструмэнтаў, перадусім слоўнікаў?
— О, тут я мушу сказаць, што мой імпульс да чытаньня на ідышы і перакладаньня зь яго даў якраз слоўнік, якім я дагэтуль не магу надзівіцца і нахваліцца — Ідыш-беларускі слоўнік Алеся Астравуха, які можна чытаць зь любога месца як раман. Калі я да яго дабраўся, ён мяне настолькі захапіў, што захацелася на нечым праверыць, чаго ён варты, штосьці зь ім пачытаць. І выбар паў на Кульбака, з чаго пачалася мая кульбакаманія, якая з часам перайшла ў хранічны стан.
Слоўнікаў у мяне цэлая паліца. Апрача Астравуха, гэта яшчэ ідыш-украінскі слоўнік Дзьмітра Тышчанкі, таго самага аўтара велізарны ідыш-расейскі слоўнік, які існуе толькі ў электронным фармаце, чатыры тамы вялікага тлумачальнага слоўніка ідышу (яго выйшла толькі 4 тамы — на першую літару «алеф», але гэта якіх 25% усяго слоўніка). Ёсьць яшчэ пару слоўнікаў, але ў іх ужо няма нічога такога, чаго б не было ва ўжо названых. Дапамагаў таксама пошук у інтэрнэце, а перадусім пошук па корпусе дзясяткаў тысяч расчытаных тэкстаў на сайце Yiddish Book Center.
Наагул, не разумею, як перакладчыкі некалі маглі працаваць без інтэрнэту…
— На заканчэньне традыцыйнае і адначасна практычнае пытаньне: дзе і як можна купіць «Усе вершы і паэмы» Мойшэ Кульбака?
— Гэта залежыць ад краіны, дзе жыве патэнцыйны чытач, таму прасьцей за ўсё напісаць выдаўцу: vesna@seznam.cz