Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вытрымкі зь лістоў Максіма Знака ня будуць публічна цытаваць праз пазыцыю адміністрацыі калёніі


Каманда Віктара Бабарыкі перайшла на новы фармат інфармаваньня аб жыцьці сваіх лідэраў у зьняволеньні, паведаміла прэс-служба асуджанага экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта.

Цяпер у тэлеграм-канале палітыка будуць штотыдзень выходзіць відэаролікі, у якіх прэс-сакратар каманды Бабарыкі Глеб Германчук «роўна за адну хвіліну падзеліцца ўсімі навінамі аб нашых палітзьняволеных».

З першага выпуску стала вядома, што адвакат Максім Знак «вучыць па кнігах украінскую мову».

Адзначаецца таксама, што ў тэлеграм-канале юрыста «Невероятные письма. Максим Знак» (927 падпісчыкаў) больш не будуць публікавацца паведамленьні, бо «гэта не падабаецца адміністрацыі калёніі».

«Марыя Калесьнікава выглядае ашаламляльна і, паводле яе запэўненьняў, адчувае сябе гэтак жа», — сказаў Германчук.

Паводле слоў прэс-сакратара, ад Бабарыкі інфармацыі таксама няшмат. «Мы ведаем, што ён адчувае сябе бадзёра і перадае ўсім вялікае прывітаньне», — зазначыў ён.

«Эдуард [Бабарыка] па-ранейшаму рэкардсмэн — 28 месяцаў у СІЗА на Валадарцы», — паведаміў Германчук пра сына экс-прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта.

Паколькі «навін становіцца ўсё менш і іх усё больш складана здабываць», прэс-служба палітыка заклікала суграмадзян пісаць лісты «нашым палітвязням».

  • 6 ліпеня 2021 года Віктара Бабарыку прыгаварылі да 14 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў атрыманьні хабараў у асабліва буйным памеры.
  • 6 верасьня 2021 года Калесьнікава і Знак былі асуджаныя на 11 і 10 гадоў зьняволеньня па справе аб змове з мэтай захопу ўлады, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і публічных закліках да дзеяньняў, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы.
  • Суда над Эдуардам Бабарыкам, якога затрымалі разам з бацькам 18 чэрвеня 2020 года, яшчэ не было.
  • Першапачаткова яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Праз 18 месяцаў, калі скончыўся максымальна магчымы тэрмін утрыманьня пад вартай падчас папярэдняга сьледзтва, стала вядома, што Бабарыка-малодшаму прад’яўлены новыя абвінавачаньні: у распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы і арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму пагражае да 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG