«Я прыняў прапанову міністра абароны Нямеччыны аб разьмяшчэньні ў нашай краіне дадатковых пускавых установак ракет Patriot», — паведаміў ён.
«Польшча — наш сябра, партнэр і, як сусед Украіны, асабліва ўразьлівы. Разам з маім калегам Марыюшам Блашчакам мы дамовіліся паставіць Польшчы сыстэмы Patriot і абараніць яе паветраную прастору, задзейнічаўшы нямецкія зьнішчальнікі Eurofighter. Дэталі гэтага супрацоўніцтва зараз прапрацоўваюць спэцыялісты абедзьвюх краінаў», — заявіла міністарка абароны Нямеччыны Крыстын Ламбрэхт.
На больш хуткае разьмяшчэньне комплексаў Patriot на польска-украінскай мяжы спадзяюцца і ў Кіеве. Пра гэта на брыфінгу заявіў сьпікер камандаваньня вайскова-паветраных сілаў Украіны Юры Ігнат, адказваючы на пытаньне журналістаў, ці змогуць разьмешчаныя ў Польшчы ўстаноўкі Patriot абараніць і ўкраінскае неба.
«З пачатку ўварваньня РФ мы прасілі ўвесь сьвет абараніць, закрыць нашае неба, даць нам зброю, самалёты. Вельмі хочацца, каб гэта здарылася. Хаця б на тым участку фронту неяк абараніць нашае неба гэтымі комплексамі», — сказаў ён.
Польскія ўлады вырашылі ўзмацніць абарону сваёй паветранай прасторы пасьля таго, як 15 лістапада на тэрыторыю сяла Пшаводаў упала ракета. У выніку інцыдэнту загінулі двое грамадзян Польшчы. У той дзень Украіна зазнала масіраваны абстрэл з боку расейскіх войскаў.