На стадыёне перад матчам прайшла ўрачыстая цырымонія. У ёй удзельнічаў, сярод іншых, амэрыканскі актор Морган Фрыман. Эмір Катара шэйх Тамім бін Хамад Аль Тані аб’явіў чэмпіянат сьвету адкрытым. У сваёй прамове ён зрабіў акцэнт на тым, што чэмпіянат абʼяднаў людзей па ўсім сьвеце, у Катар, паводле яго слоў, прыехалі людзі ўсіх нацыянальнасьцей і розных веравызнаньняў.
Чэмпіянат упершыню праходзіць у арабскай і пераважна мусульманскай краіне. Ён упершыню праходзіць у асеньне-зімовы пэрыяд — летам у Катары было б вельмі горача. На матч адкрыцьця прыехалі лідэры шэрагу краін Блізкага Ўсходу.
Катар — абсалютная манархія, міжнародная арганізацыя Freedom House адносіць яе да несвабодных краін. Катар займае 119-е месца ў сьвеце ў індэксе свабоднай прэсы арганізацыі «Рэпарцёры без межаў». Улады краіны крытыкуюць, апроч іншага, за парушэньні правоў ЛГБТ. Заканадаўства краіны дапускае сьмяротную кару для гомасэксуалаў праз пабіцьцё камянямі (хоць на практыцы такія прыгаворы не выносіліся). Amnesty International паведамляла, што за час будаўніцтва абʼектаў да чэмпіянату сьвету ў краіне загінулі ад 6 да 15 тысяч замежных працоўных (улады заяўляюць, што на будоўлях да турніру загінулі 37 чалавек).
Падрыхтоўка да чэмпіянату суправаджалася і скандаламі ў сувязі з падазрэньнямі ў карупцыі ў сувязі з выбарам месца правядзеньня першынства.
Прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі футбола ФІФА Джані Інфантына перад адкрыцьцём чэмпіянату сьвету ў Катары заявіў, што крытыка краіны за парушэньне правоў чалавека з боку Захаду зьяўляецца «крывадушнасьцю». «Мы, эўрапейцы, павінны тры тысячы гадоў прасіць прабачэньня за тое, што рабілі апошнія тры тысячы гадоў. Толькі пасьля гэтага мы можам даваць маральныя адзнакі», — сказаў ён у прыватнасьці. Ён заявіў, што вышэйшыя афіцыйныя асобы краіны абяцалі яму, што падчас чэмпіянату будуць «вітаць усіх», у тым ліку і прадстаўнікоў ЛГБТ.
Папярэдні чэмпіянат сьвету прайшоў у 2018 годзе ў Расеі, якую таксама крытыкавалі за парушэньні правоў чалавека. Падчас самога чэмпіянату якіх-небудзь скандалаў, зьвязаных з парушэньнем правоў замежных балельшчыкаў, не было. Падчас фінальнага матча паліцыя затрымала ўдзельнікаў гурта Pussy Riot, якія выбеглі на поле ў знак пратэсту супраць паліцэйскага гвалту.
Усе матчы чэмпіянату ня будуць паказваць па тэлебачаньні ў Беларусі. Гэта стала вядома пасьля ўводу шостага пакета санкцый ЭЗ, куды ў пачатку чэрвеня гэтага года трапіла і Белтэлерадыёкампанія. Таксама ў сярэдзіне чэрвеня-2022 УЕФА выключыў БГТРК са сьпіса афіцыйных вяшчальнікаў футбольнай Лігі Нацый, дзе выступала зборная Беларусі.