Дата дня
21 лістапада 1920 году Рада Случчыны выдала дэклярацыю, у якой заклікала сялянства «на барацьбу за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах». Неўзабаве ў Слуцку разгарнулася антыбальшавіцкае паўстаньне.
А што вы ведаеце пра гэтую старонку беларускае гісторыі? Праверце свае веды ў тэсьце Свабоды.
Юбілей дня
125 гадоў таму, 21 лістапада 1896 году, у цяперашнім Крупскім раёне нарадзіўся Зьміцер Прышчэпаў, беларускі савецкі дзяржаўны і грамадзкі дзеяч, народны камісар земляробства БССР у 1924—1929 гадах.
Таксама ў гэты дзень
1368 год — адбылася Тросьненская бітва паміж войскам ВКЛ і вартавым атрадам Маскоўскага княства. Назву бітва атрымала ад назвы ракі Тросны, што непадалёк ад Масквы. Перамога адкрыла вялікаму князю Альгерду шлях на Маскву, але трохдзённая аблога аказалася беспасьпяховай — за год да гэтага быў пабудаваны маскоўскі Крэмль.
1910 год - адбылося асьвячэньне касьцёлу Сьвятых Сымона і Алены (Чырвонага касьцёлу) на цяперашняй плошчы Незалежнасьці ў Менску.
1926 год — у Менску завяршыла сваю працу акадэмічная канфэрэнцыя рэформы беларускага правапісу. Гэта быў пік савецкай беларусізацыі. На яе прыехала шмат замежных навукоўцаў. А вось Браніслаў Тарашкевіч, аўтар першай беларускай граматыкі, прыехаць зь Вільні ня змог — яго не пусьцілі польскія ўлады.
У гэтым жа 1926 годзе быў адкрыты другі Беларускі дзяржаўны тэатар (БДТ-2) — цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа ў Віцебску.
2013 год — у Кіеве пачаўся шматтысячны мітынг, які прывёў да зьмены ўлады і ўвайшоў у гісторыю як Эўрамайдан.
У гэты дзень нарадзіліся
1910 — Міхаіл Суднік, беларускі мовазнаўца.
1921 — Янка Юхнавец, беларускі паэт, пісьменьнік, драматург, мастак, скульптар.
1925 — Сямён Герус, беларускі графік.
1936 — Марыя Захарэвіч, беларуская акторка тэатру і кіно.
1957 — Мірон Хадакоўскі, гайнаўскі архіяпіскап, брыгадны генэрал і праваслаўны ардынар польскага войска.
У памяці
1790 — памёр Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы пад мянушкай «Пане Каханку» — ваявода віленскі, стараста львоўскі, мечнік вялікалітоўскі.
Пане Каханку быў найбольш заможным магнатам Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII стагодзьдзя і адным з найбагацейшых прадстаўнікоў арыстакратыі ў Эўропе. Князь жыў у Нясьвіжы, вакол яго асобы вілося шмат легендаў.