Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Продаж новых машын у Беларусі ўпаў у 2,5 раза, а выбар скараціўся ўтрая


Geely з чэрвеня абсалютны лідэр продажаў новых легкавікоў у Беларусі
Geely з чэрвеня абсалютны лідэр продажаў новых легкавікоў у Беларусі

Беларускі аўтарынак сутыкнуўся з «ідэальным штормам». Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры заявіў старшыня праўленьня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Варывода.

Паводле Сяргея Варыводы, будзе прададзена толькі 14 тысяч новых легкавых аўтамабіляў, піша Reform.by.

«Ня ўтойваю, сёлета аўтамабільны рынак Беларусі знаходзіцца пад моцным ціскам. Я сказаў бы, што, мусіць, мы назіраем „ідэальны шторм“. Рынак знаходзіцца пад ціскам фактараў як попыту, так і прапановы. Паводле нашых папярэдніх ацэнак, дылеры — чальцы БАА прададуць каля 14 тыс. новых легкавых аўтамабіляў. Для параўнаньня: летась, хачу нагадаць, гэтая лічба перавышала 40 тысяч».

Ён растлумачыў, што мадэльны шэраг скараціўся ўтрая ў параўнаньні зь мінулым годам: на рынку прадстаўленыя 36 мадэляў пры 108 раней. Яшчэ адным нэгатыўным фактарам стаў цэнавы шок. З словаў старшыні праўленьня БАА, беларускі аўтарынак у значнай ступені залежны ад расейскага. Большасьць аўтамабіляў увозілі з РФ. У выніку адбыўся імпарт інфляцыі, дадаткова ўзмоцнены аслабленьнем беларускага рубля да расейскага.

Пры гэтым у першым квартале прададзена 8 тысяч машын. Варывода адзначыў, што Geely з чэрвеня стаў абсалютным лідэрам продажаў новых легкавікоў і нарошчвае перавагу. У кастрычніку марка дабілася поўнага дамінаваньня на рынку. На думку Варыводы, брэнд захавае лідэрства ў бліжэйшы час.

Старшыня праўленьня БАА зазначыў, што на пачатку імпартэры асьцерагаліся суперніцтва з боку «БелДжы» і ўціску сваіх правоў пры зьяўленьні нацыянальнага вытворцы, але гэтага не адбылося. Завод стаў паўнапраўным чальцом БАА і дзейнічае разам з астатнім аўтабізнэсам.

«Прыход на рынак „БелДжы“, маркі Geely, прывёў да таго, што мяняецца мэнтальнасьць беларускага спажыўца. Ён робіцца больш памяркоўным, больш ляяльным да кітайскіх марак. Кітайскія маркі на рынку абсалютна дамінуюць у наш час. Доля кітайскіх марак у кастрычніку ў Беларусі перасягнула 60%. У параўнаньні з Расейскай Фэдэрацыяй гэты паказьнік удвая большы».

Варывода лічыць, што продажы кітайскіх аўтамабіляў будуць расьці. Колькасьць марак з КНР, прадстаўленых у краіне, налета можа падвоіцца.

«Мы поўныя спадзеваў, што аўтабізнэс зможа выстаяць у гэты турбулентны час. Спадзяюся, што зараз мы праходзім дно продажаў. Паволі бачым нязначны, але рост продажаў у параўнаньні з папярэднім месяцам», — сказаў ён.

Кіраўнік БАА чакае, што ў лістападзе і сьнежні рост працягнецца. Аднак паўнавартаснае аднаўленьне беларускага рынку пачнецца зь сярэдзіны вясны 2023 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG