Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх РПЦ Кірыл заявіў, што яго не пускаюць у Эўразьвяз


Патрыярх Маскоўскі Кірыл і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін
Патрыярх Маскоўскі Кірыл і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Патрыярх Расейскай праваслаўнай царквы Кірыл заявіў, што яму закрылі ўезд у Эўразьвяз.

«Прынятае беспрэцэдэнтнае рашэньне: не пускаць патрыярха на тэрыторыю Эўразвязу. Такога нават падчас „халоднай вайны“ не было», — сказаў кіраўнік РПЦ на сустрэчы ў Маскве з каталікосам-патрыярхам Асырыйскай царквы Ўсходу. Сустрэча прайшла напярэдадні, сайт РПЦ паведаміў пра яе 16 лістапада.

Хто менавіта закрыў яму ўезд у ЭЗ, Кірыл не патлумачыў. Менавіта гэтае рашэньне ён зьвязаў зь нядаўняй пленарнай асамблеяй Сусьветнай рады цэркваў у нямецкім горадзе Карлсруэ.

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер у сваім выступленні на ёй 31 жніўня рэзка крытыкаваў Расейскую праваслаўную царкву, абвінаваціўшы яе ў падтрымцы вайны ва Ўкраіне.

Паводле Кірыла, Штайнмаеру «не ўдалося паўплываць на асамблею і дыскрымінаваць рускую царкву», і тады, сьцьвярджае ён, патрыярха РПЦ вырашылі не пускаць у Эўропу. «Калі яны маюць рацыю, а я ня маю, запрасіце на тэлевізію, уступіце са мной у дыялёг, дакажыце сваю праўду. Яны баяцца гэтага, бо праўда на нашым баку, а не на іхным», — сказаў Кірыл.

Пры гэтым ні пра якія санкцыі ЭЗ для Кірыла пасьля 31 жніўня афіцыйна не абвяшчалі. Наадварот, вядома, што на патрабаваньне Вугоршчыны яго імя было выключана з санкцыйных сьпісаў. Санкцыі, якія прадугледжваюць забарону на ўезд, супраць кіраўніка РПЦ увялі Вялікая Брытанія і Канада.

Яшчэ 23 чэрвеня сёлета ўезд на тэрыторыю краіны Кірылу забаранілі ўлады адной з краін ЭЗ — Літвы. У камэнтары літоўскага замежнапалітычнага ведамства першасьвятар РПЦ быў названы адным з самых актыўных прыхільнікаў вайны супраць Украіны і блізкім паплечнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG