Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што атрымліваў сыгналы пра гатоўнасьць Пуціна да перамоваў, і прапанаваў «публічны» дыялёг


Уладзімір Зяленскі
Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што атрымаў «публічныя і ня вельмі» сыгналы ад лідэраў іншых краін аб жаданьні Ўладзіміра Пуціна пачаць перамовы. Пра гэта ён расказаў на сустрэчы з журналістамі. На думку ўкраінскага лідэра, любы дыялёг павінен праходзіць «публічна, а не кулюарна».

«Я прапанаваў публічную форму, таму што Расея вядзе з Украінай публічную вайну», — сказаў Зяленскі (цытата паводле «Ўкраінскай праўды»).

Прэзыдэнт Украіны паведаміў, што ня хоча мець з расейскім бокам «якіх-небудзь адносін за кулісамі». «Я гатовы рэкамэндаваць гэты фармат, я буду думаць з маімі калегамі, як гэта зрабіць», — дадаў ён.

Паводле яго слоў, каб у сусьветных лідэраў не засталося ніякіх пытаньняў аб гатоўнасьці Ўкраіны да перамоваў, на саміце G20 ён прапанаваў дзесяць крокаў для аднаўленьня міру ў краіне.

«Я лічу, што гэта формула міру для ўсяго сьвету. Таму што кожная дзяржава можа знайсьці там сваё месца і быць лідэрам па той ці іншай ініцыятыве — у пераадоленьні цяжкасьцей таго ці іншага пункта з гэтых дзесяці», — адзначыў Уладзімір Зяленскі.

У якасьці ўмоў для аднаўленьня перагавораў з Расеяй прэзыдэнт Украіны назваў радыяцыйную і ядзерную, харчовую і энэргетычную бясьпеку, вызваленьне ўсіх палонных, аднаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны, вывад расейскіх войскаў і спыненьне баявых дзеяньняў.

У адказ на заяву Зяленскага прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што публічных перамоваў не бывае, і, прапаноўваючы іх, Украіна, паводле яго, паказвае, што ня хоча дамаўляцца.

«Цяжка сабе наогул уявіць публічныя перамовы. Публічных перамоваў не бывае. Тым больш публічныя перамовы ў такой сфэры. Але адназначна адно: украінскі бок ня хоча ніякіх перамоваў, спэцыяльная ваенная апэрацыя працягваецца, яе мэты павінны быць дасягнутыя», — сказаў Пяскоў.

Апошнім часам у амэрыканскай і эўрапейскай прэсе зьяўляецца ўсё больш публікацый пра неабходнасьць перамоваў Расеі з Украінай. Па дадзеных крыніц NBC News, некаторыя заходнія чыноўнікі ўсё больш лічаць, што ні Кіеў, ні Масква ня змогуць дасягнуць заяўленых мэт у вайне, і таму разглядаюць зіму як момант для пачатку дыпляматычных перамоваў паміж бакамі.

Італьянская La Repubblica і амэрыканская The Washington Post са спасылкай на крыніцы ў адміністрацыі прэзыдэнта Джо Байдэна паведамлялі, што Вашынгтон у прыватным парадку заклікаў офіс Зяленскага паказаць «адкрытасьць» да перамоваў з Расеяй. А па дадзеных The New York Times, ва ўрадзе ЗША зараз ідуць спрэчкі, ці варта ціснуць на Ўкраіну, патрабуючы перамоваў з Масквой. Па дадзеных газэты, за дыялёг выступае старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў генэрал Марк Мілі, але дарадцы Байдэна пакуль не падзяляюць гэтую пазыцыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG