Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы расказалі, колькі ракет і «шахедаў» зьбіла СПА падчас масаванага ўдару расейцаў 15 лістапада


Наступствы ўдару па Кіеву 15 лістапада
Наступствы ўдару па Кіеву 15 лістапада

Украінскія вайскоўцы, паводле папярэдніх зьвестак, зьбілі 73 з больш як 90 крылатых ракет, а таксама ўсе 10 бесьпілётнікаў «Шахед», запушчаных расейскімі войскамі па тэрыторыі Ўкраіны падчас масаванага ўдару 15 лістапада, паведаміла камандаваньне ВПС Узброеных Сіл.

«15 лістапада каля 14.30 расейскія захопнікі нанесьлі ўдар па тэрыторыі Ўкраіны крылатымі ракетамі марскога і паветранага базаваньня. У чарговым тэрарыстычным акце супраць украінскай дзяржавы ўдзельнічалі 14 самалётаў-ракетаносцаў стратэгічнай авіяцыі ТУ-95, караблі чарнаморскага флёту Расеі і іранскія штурмавыя бесьпілётнікі-камікадзэ Shahed-136/131», — гаворыцца ў паведамленьні.

Усяго, як паведамілі ў ВПС, было запушчана больш за 90 ракет: каля 70 крылатых ракет Х-101/Х-555 з поўначы Касьпійскага мора і з раёну Валгадонску (Растоўская вобласьць РФ), а таксама каля 20 ракет марскога базаваньня «Калібр» з Чорнага мора і 10 бесьпілётнікаў-камікадзэ.

«Як і прагназуецца, праціўнік працягвае наносіць удары па аб’ектах крытычнай інфраструктуры Ўкраіны з высокадакладнай зброі. Таксама ў выніку расейскіх ракетных удараў пацярпелі і шматкватэрныя жылыя дамы. Для абароны ўкраінскага неба ВПС Узброеных сіл Украіны выкарыстоўваюць усе наяўныя ўзбраеньні, у тым ліку сыстэмы супрацьпаветранай абароны, перададзеныя напярэдадні заходнімі партнэрамі», — падкрэсьлілі ў ВПС.

Раней намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Кірыла Цімашэнка паведаміў, што ў выніку сёньняшняга абстрэлу пашкоджаныя каля 15 энэргетычных аб’ектаў у розных рэгіёнах Украіны.

Таму цяпер працягваюцца адключэньні электрычнасьці ў Кіеве, а таксама ў шэрагу абласьцей: Кіеўскай, Віньніцкай, Валынскай, Данецкай, Днепрапятроўскай, Жытомірскай, Кіраваградзкай, Львоўскай, Палтаўскай, Ровенскай, Сумскай, Цярнопальскай, Харкаўскай, Хмяльніцкай, Чаркаскай, Чарнавіцкай і Чарнігаўскай.

«Усяго адключана больш за 7 мільёнаў абанэнтаў. Калі лічыць у людзях, то значна больш. Але нашы энэргетыкі разам зь Дзяржаўнай службай па надзвычайных сытуацыях цяпер робяць усё, каб як мага хутчэй падключыць электразабесьпячэньне, дзе мы можам гэта зрабіць, таму што розныя ўзьдзеяньні і розныя меры бясьпекі», — дадала Цімашэнка.

Па колькасьці выпушчаных ракет атака 15 лістапада не саступае першай падобнай масавай атацы, нанесенай 10 кастрычніка. У выніку ўкраінскія энэргетыкі абвясьцілі пра ўжываньне аварыйных адключэньняў. Мільёны людзей засталіся безь сьвятла ў Кіеве, Харкаве, Жытоміры, Львове і іншых гарадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG