Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Афганістане суды будуць кіравацца законамі шарыяту, якія ўключаюць публічныя пакараньні і адсячэньне канцавінаў


Аўганістан
Аўганістан

Лідэр талібаў Гайбатула Ахундзада загадаў афганскім судзьдзям пры вынясеньні прысудаў кіравацца законамі шарыяту, якія ўключаюць публічныя пакараньні, зьбіцьцё камянямі, лупцаваньне і адсячэньне канцавінаў, піша The Guardian.

Ахундзада даручыў уважліва вывучаць справы, якія паводле ісламскага закону залічваюцца да катэгорыі «худуд» і «кісас», напісаў прадстаўнік «Талібану» Забіхула Муджагід у твітары 14 лістапада.

Да злачынстваў «худуд» адносяць пералюб або ілжывае абвінавачаньне ў ім, ужываньне алькаголю, крадзеж, выкраданьне і рабаваньне на вялікай дарозе, вераадступніцтва і мяцеж. «Кісас» распаўсюджваецца, у прыватнасьці, на забойства і наўмыснае прычыненьне шкоды здароўю, а таксама дазваляе сем’ям ахвяраў прыняць кампэнсацыю замест пакараньня, піша выданьне.

Талібы, нягледзячы на абяцаньні мякчэйшага кіраваньня, вяртаюцца да практыкі, якой яны ўнікалі пасьля прыходу да ўлады ў 1996–2001 гадах, калі былі ўведзеныя жорсткія публічныя пакараньні.

У жніўні 2021 году радыкальны рух «Талібан» зноў прыйшоў да ўлады. Талібы абяцалі, што будуць паважаць правы жанчын «у адпаведнасьці з афганскімі нормамі і ісламскімі каштоўнасьцямі», але ў выніку іх моцна абмежавалі і працягваюць гэта рабіць. Так, талібы забаранілі жанчынам у Афганістане займацца спортам, а вучыцца ў школах і ВНУ дазволілі толькі асобна ад мужчын і толькі ў адзеньні, якое цалкам закрывае твары і целы.

Жанчынам таксама забаронена хадзіць у грамадзкія месцы або выяжджаць за межы свайго гораду без «апекуна»-мужчыны, яны мусяць насіць хіджаб і закрываць твар на публіцы. Невыкананьне гэтага патрабаваньня можа прывесьці да арышту і зьняволеньня ў турму бацькі ці бліжэйшага сваяка мужчынскага полу такой жанчыны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG