Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз і Вялікая Брытанія будуць байкатаваць выступы Расеі на саміце G20


G20 finance ministers, central bankers and senior officials meet in Bali
G20 finance ministers, central bankers and senior officials meet in Bali

Эўразьвяз і Вялікая Брытанія маюць намер байкатаваць выступы расейскай дэлегацыі на саміце «Вялікай дваццаткі», які пройдзе на Балі ў Інданэзіі 15-16 лістапада, паведамляе брытанская газэта The Daily Telegraph.

Прадстаўнік службы зьнешніх сувязяў Эўразьвязу заявіў газэце, што міжнародная супольнасьць такім чынам хоча паказаць, што думае «пра ўсе гэтыя злачынствы, ліхадзействы і незаконныя дзеяньні Расеі».

Таксама на саміце Расею заклічуць да спыненьня вайны, зазначыўшы, што перамовы павінны праходзіць на ўмовах, прымальных для Ўкраіны.

Раней стала вядома, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін не прыедзе на саміт G20 і ня будзе ўдзельнічаць у ім у відэафармаце. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў патлумачыў гэтае рашэньне Пуціна «неабходнасьцю яго знаходжаньня ў Расеі». Расею на саміце будзе прадстаўляць міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў.

У ліпені на канфэрэнцыі кіраўнікоў МЗС G20 на Балі Лаўроў апынуўся ў ізаляцыі і пакінуў сустрэчу раней за тэрмін. У красавіку падчас выступу расейскіх прадстаўнікоў паседжаньне G20 пакінулі міністры фінансаў і кіраўнікі цэнтральных банкаў шэрагу заходніх краін. Многія з тых, хто ўдзельнічаў у сустрэчы дыстанцыйна, выключылі відэакамэры.

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў 3 лістапада, што адмовіцца ад удзелу ў саміце, калі ў ім будзе ўдзельнічаць Уладзімір Пуцін. Аднак 8 лістапада ў Кіеве ўсё ж пацьвердзілі, што Зяленскі прыме ўдзел у саміце «ў нейкім фармаце» — магчыма, анлайн.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG