Ліцэнзію на перавозку Аўтуховіч атрымаў у 2002 годзе. У 2016-м фірму ўжо хацелі пазбавіць ліцэнзіі, але Ваўкавыскі райвыканкам паўторна яе зарэгістраваў.
Мікалай Аўтуховіч — прадпрымальнік і дэмакратычны актывіст з Ваўкавыску. Служыў у Аўганістане, быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, мэдалямі «За адвагу» і «За баявыя заслугі».
Звольніўся з войска старшым прапаршчыкам у 1991 годзе і заняўся бізнэсам: адрамантаваў і здаваў у арэнду былыя вайсковыя казармы, меў у родным Ваўкавыску некалькі пасьпяховых праектаў, сярод якіх «Таксі 22222».
У 2004 годзе Аўтуховіч вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на парлямэнцкіх выбарах.
Праблемы ў прадпрымальніка пачаліся, калі ён даў паказаньні супраць работніка падатковай і абвінаваціў яго ў карупцыі. Тады на ягоны бізнэс прыйшлі маштабныя праверкі. У адказ Аўтуховіч і яшчэ 30 чалавек праводзілі страйкі і галадоўкі пратэсту.
У 2006 годзе Мікалая Аўтуховіча асудзілі на 3,5 года ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яго абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў з нанясеньнем шкоды бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама ў прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пазбавілі права займацца прадпрымальніцтвам цягам пяці гадоў.
Тады прадпрымальнік пачаў галадоўку і за 74 дні страціў 38 кіляграмаў вагі. Праваабаронцы палічылі справу палітычна матываванай і прызналі Аўтуховіча палітвязьнем.
Вызвалілі яго датэрмінова ў 2008 годзе ў выніку санкцыяў з боку ЗША і Эўразьвязу.
Аднак на волі ён прабыў нядоўга. У 2009 годзе Мікалая Аўтуховіча зноў затрымалі. Спачатку яго абвінавацілі ў падпале чужой маёмасьці, а затым — у рыхтаваньні тэрарыстычных актаў супраць старшыні Горадзенскага аблвыканкаму і намесьніка міністра падаткаў і збораў. Гэтыя абвінавачаньні засталіся бяз доказаў. У 2010 годзе Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі 5 гадоў вязьніцы строгага рэжыму «за незаконнае захоўваньне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі». Віны ён не прызнаў і патлумачыў перасьлед помстай за сваю барацьбу зь мясцовымі карупцыянэрамі.
Трэці раз Аўтуховіча і іншых фігурантаў справы затрымалі ў сьнежні 2020 году. Улады абвясьцілі яго арганізатарам і кіраўніком «тэрарыстычнай групоўкі», якая дзейнічала на тэрыторыі Горадзенскай вобласьці і нібы падпальвала аўтамабілі і дамы супрацоўнікаў міліцыі. Удзельнікаў «групы» абвінавачвалі па 15 артыкулах Крымінальнага кодэксу і ўключылі ў тэрарыстычны сьпіс КДБ.
17 кастрычніка Аўтуховічу, якога абвінавацілі па 12 артыкулах Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «здрада радзіме» і «акт тэрарызму» далі 25 гадоў зьняволеньня і штраф у тысячу базавых велічынь — 32 000 рублёў. Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітвязьнем.
Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»
Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.
Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.
Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».
Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.
Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.
Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.
17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:
- Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
- Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
- Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
- Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
- Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
- Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.