Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладальнік Facebook і Instagram скароціць 11 тысяч супрацоўнікаў


Марк Цукербэрг
Марк Цукербэрг

Карпарацыя Meta, якая валодае сацсеткамі Facebook і Instagram, скароціць больш за 11 тысяч працоўных месцаў. Пра гэта яе кіраўнік Марк Цукербэрг паведаміў у лісьце да супрацоўнікаў у сераду.

Гэта першае маштабнае скарачэньне штату ў гісторыі кампаніі, якое адбываецца ўсьлед за першым у яе гісторыі прыпыненьнем найму новага пэрсаналу.

Гаворка ідзе прыблізна аб 13 працэнтах штату. Звольненым супрацоўнікам Цукербэрг паабяцаў кампэнсацыю ў памеры заробку за 3,5 месяца (16 тыдняў) плюс па адным тыдні за кожны год працы ў кампаніі, — перадае CNBC.

У кастрычніку акцыі карпарацыі абрынуліся на 20 працэнтаў пасьля публікацыі квартальных дадзеных, якія зафіксавалі зьніжэньне выручкі і рост выдаткаў амаль на 20 працэнтаў.

У лісьце Цукербэрг заявіў, што на фоне пандэміі каранавіруснай інфэкцыі ён пераацаніў рост попыту на онлайн-тэхналёгіі і павялічыў інвэстыцыі. Ён згадаў спад эканомікі і скарачэньне рэклямных бюджэтаў.

З пачатку 2022 году акцыі Meta ўпалі больш як на 70 працэнтаў. Кампанія ўпершыню ў сваёй гісторыі адсправаздачылася аб скарачэньні колькасьці ўнікальных карыстальнікаў фэйсбуку.

Скарачэньне штату адбываецца і ў шматлікіх іншых тэхналягічных кампаніях. Напрыклад, Twitter звольніў 50 працэнтаў супрацоўнікаў пасьля таго як сацсетку купіў Ілан Маск. Пасьля гэтага кампанія нават мусіла вяртаць назад некаторых толькі што звольненых, пісала дзелавая прэса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG