Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі вынесьлі прысуд кіроўцу, які п’яным зьбіў раварыста, пакінуў яго на месцы здарэньня і спаліў аўтамабіль


Спалены аўтамабіль
Спалены аўтамабіль

Кіроўца разагнаў машыну да 157 км/г і зьбіў раварыста.

Кіроўцу, які насьмерць зьбіў у Гомлі раварыста, прысудзілі 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму, паведамілі ў прэс-службе Вярхоўнага суду. Працэс адбываўся ў судзе Навабеліцкага раёну Гомля.

Паводле сьледзтва, 1 жніўня маладая сямейная пара з Чачэрску прыехала на аўтамабілі Mitsubishi у Гомель да сваякоў. Цягам дня госьці і гаспадары ўжывалі алькаголь. Позна ўвечары паміж мужам і жонкай узьнік канфлікт. Раззлаваны муж вырашыў сам вярнуцца ў Чачэрск. Нягледзячы на алькагольнае ап’яненьне, сеў за стырно аўтамабіля. Праехаўшы частку Гомля, мужчына захацеў вярнуцца ў кампанію.

Кіроўца рухаўся гарадзкой аўтадарогай Хутар — Гомель з хуткасьцю ня меншай за 157 км/г. Пад’яжджаючы да скрыжаваньня з вуліцай Зайцава, ён двойчы зьмяніў паласу і «ўляцеў» на асьветлены нерэгуляваны пешаходны пераход, дзе зьбіў раварыста, які перасякаў праезную частку.

У выніку ДТЗ 55-гадовы раварыст памёр на месцы здарэньня ад траўмаў, а аўтамабіліст паехаў далей, даехаў да дому сваякоў, параіўся з усімі і накіраваўся за горад. На кукурузным полі паблізу пасёлку Сож Гомельскага раёну ён спаліў свой аўтамабіль.

Вінаватага хутка знайшлі. У выніку мэдычнага агляду ў яго крыві знайшлі этылавы сьпірт у канцэнтрацыі 1,34 праміле.

Суд прызнаў кіроўцу вінаватым на падставе ч. 4 арт. 317 КК Беларусі (Парушэньне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алькагольнага ап’яненьня, што пацягнула зь неасьцярожнасьці сьмерць чалавека) і прысудзіў 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Асуджанаму забаранілі займацца дзейнасьцю, зьвязанай зь кіраваньнем усімі відамі транспартных сродкаў, на той жа тэрмін.

На карысьць жонкі загінулага з абвінавачанага пастанавілі спагнаць 10 000 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG