Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Акадэміі навук: Беларусь будзе выпускаць вакцыны, якія ўлічваюць «тэрытарыяльную і генэтычныя асаблівасьці беларусаў»


Кіраўнік  Акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Гусакоў
Кіраўнік  Акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Гусакоў

Пад Віцебскам рыхтуюць да запуску экспэрымэнтальны цэх досьледна-прамысловай вытворчасьці беларускай вакцыны ад COVID-19.

8 лістапада яго наведалі міністар аховы здароўя Дзьмітрый Піневіч і кіраўнік Акадэміі навук Уладзімер Гусакоў, перадае СТВ.

Гусакоў падзяліўся інфармацыяй пра тое, што гэта будзе за вакцына. Паводле яго, яна будзе ўлічваць «тэрытарыяльную і генэтычныя асаблівасьці беларусаў».

«Мы распрацавалі сваю вакцыну супраць COVID-19, якая па сваіх характарыстыках і якасьцях абсалютна не саступае расейскім, кітайскім і нават амэрыканскім вакцынам. Выпрабаваньні пацьвердзілі мэтазгоднасьць і эфэктыўнасьць, і мы гатовыя да вытворчасьці», — заявіў старшыня Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ўладзімер Гусакоў.

У пэрспэктыве на прадпрыемстве плянуюць выпускаць усе групы вакцынаў, якія запатрабаваны ў Беларусі і завозяцца з-за мяжы. Уладзімер Гусакоў паспрабаваў узмацніць эфэкт гэтай заявы, адзначае Zerkalo.

«Таксама тут будуць рабіцца і іншыя прэпараты для вакцынацыі як для дзяцей, так і для дарослых. Гэта будуць адаптаваныя вакцыны для нашых людзей з улікам тэрытарыяльнай і генэтычных асаблівасьцяў беларусаў. Як вядома, вакцыны, якія вырабляюцца за мяжой, могуць дзейнічаць на жыхароў іншых краін інакш, чым на карэннае насельніцтва, і мець іншую карціну рэакцыі на такія прэпараты. І для гэтага мы працуем над стварэньнем сваіх вакцын як супраць COVID-19, так і іншых вірусных захворваньняў», — сказаў кіраўнік НАН Беларусі.

Ён не ўдакладніў, што маецца на ўвазе пад тэрытарыяльнай і генэтычнай асаблівасьцямі беларусаў, а таксама якім чынам «замежныя» вакцыны інакш дзейнічаюць на беларусаў.

Zerkalo адзначае, што навукоўцы ня раз казалі, што генэтычная разнастайнасьць паміж малпамі ў адным афрыканскім лесе нашмат больш, чым сярод чалавецтва — паміж усімі людзьмі на плянэце, гэтая розьніца меншая за 1%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG