Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: журналістка Інанец даслала ліст з-за кратаў: «Не сумуйце, з часам усё будзе добра»


Сьняжана Інанец з мужам Аляксандрам Лычаўкам
Сьняжана Інанец з мужам Аляксандрам Лычаўкам

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі 1390 чалавек знаходзяцца за кратамі з прычыны палітычнага перасьледу. Іншыя праваабарончыя ініцыятывы гавораць пра большую колькасьць палітвязьняў.

Беларуская фатографка Вольга Шукайла падзялілася ў Facebook лістом журналісткі Сьняжаны Інанец. Вось што напісала палітзьняволеная:

«У цэлым у мяне ўсё ў парадку: і настрой, і ўмовы побыту. Нават ня ўспомню, калі я яшчэ ў жыцьці так доўга і якасна лайдачыла. Вось ужо магчымасьць адцягнуцца ад працоўнай рутыны, хех.

Шмат чытаю. Яшчэ больш — о жах — ем. Ёсьць небясьпека выкаціцца адсюль калабком, але я ўсё ж пастараюся да такога не дайсьці :)) Зь іншага боку, галоўнае — адсюль.

Ходзім на прагулкі, стараемся дыхаць восеньню. Ну і сам па сабе старажытны замак 19-га стагодзьдзя — тая яшчэ дзейная асоба. Гэта дастаткова незвычайна — жыць у замку. Яшчэ і разам з мужам.

Наступны раз буду фармуляваць жаданьні больш асьцярожна.

Перадавай прывітаньне былым калегам. Я праўда пакуль у парадку. Не сумуйце, з часам усё будзе добра.
Абдымаю, Сьняжана. 1 лістапада 2022»

Сьняжана Інанец — журналістка зь Менску, раней супрацоўнічала з TUT.BY, цяпер — з Onliner.

Раніцай 6 кастрычніка яна разам з мужам, краязнаўцам Аляксандрам Лычаўкам перастала выходзіць на сувязь. Пазьней зьявілася інфармацыя, што сужэнцаў затрымалі. На наступны дзень у набліжаным да ГУБАЗіК тэлеграм-канале выклалі «пакаяльныя» відэа пары — у роліку Аляксандар і Сьняжана кажуць, што іх затрымалі за падпіску на тэлеграм-каналы, якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі, а таксама за ўдзел у маршах пратэсту ў 2020 годзе.

Некалькі дзён таму Сьняжану і яе мужа прызналі палітвязьнямі. Цяпер яны ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Паўла Мажэйку пазбавілі перадач

Журналісту працягнулі тэрмін знаходжаньня пад вартай яшчэ на два месяцы — да 1 студзеня 2023 году, піша «Наша Ніва».

Таксама выданьне паведамляе, што Паўлу абмежавалі пасылкі і бандэролі, іх вага ўлічваецца ў агульнай вазе штомесячных перадач — 30 кіляграмаў, хоць вядома, што астатніх вязьняў СІЗА турмы ў Горадні такія абмежаваньні ня тычацца. Таксама журналісту блякуюць ліставаньне: яму перадаюць лісты толькі ад сям’і, і яго лісты таксама даходзяць толькі родным.

Паўла Мажэйку затрымалі і арыштавалі 30 жніўня ў Горадні. Цяпер ён за кратамі ў СІЗА горадзенскай турмы. За што — дакладна не вядома, адвакат даў падпіску аб неразгалошваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG