Пра пачатак працэсу праінфармавала прэс-служба Вярхоўнага суду.
Абвінавачаньне ў службовай нядбаласьці выставілі намесьніку дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Гараўтамост». Паводле вэрсіі абвінавачаньня, ён ведаў аб прагрэсаваньні дэфэктаў рыгеля прамежкавай апоры мосту, аднак не арганізаваў іх ліквідацыю, калі тыя яшчэ не былі небясьпечнымі.
Таксама мужчыну выставілі пазоў аб кампэнсацыі шкоды.
Пешая частка мосту на Нямізе абвалілася ўначы 8 студзеня 2022 году. Улады Менску заявілі, што абвал адбыўся праз стомленасьць канструкцыяў, абумоўленай у тым ліку скачкамі тэмпэратуры і працай мэтро. Мост цалкам дэмантавалі і за месяц узьвялі новы.
Мост церазь Нямігу пабудавалі ў 1962 годзе. У 2017-м правялі ягоны касмэтычны рамонт, а летась зрабілі тэхнічнае заключэньне стану апорнай канструкцыі ды прыйшлі да высновы, што яна ў нармальным стане.