Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вучыў калоць дровы і ўтрымліваць уладу. Што найперш хвалюе Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Цэнтральнай ідэяй, якая пранізвала ўсю гутарку Лукашэнкі з журналістамі 7 лістапада, стала пытаньне ўлады ў розных варыянтах і іпастасях. Пра што б ён ні пачынаў гаварыць — размова нязьменна закранала гэтую праблему.

Як і варта было чакаць, галоўнай фігурай чэмпіянату па колцы дроў сярод журналістаў быў найлепшы сябра журналістаў, пераможца ўсіх спартовых спаборніцтваў, у якіх ён бярэ ўдзел, нават калі супернічае з чэмпіёнамі сьвету. І, як даводзяць афіцыйныя мэдыя, адразу пасьля прыбыцьця Лукашэнка «асабіста прадэманстраваў, як правільна калоць дровы». Як вядома, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

Каштоўнасьць разважаньняў Лукашэнкі падчас «нефармальнага дыялёгу» з кіраўнікамі СМІ і журналістамі палягае ў тым, што менавіта ў такія моманты «сачыненьняў на вольную тэму», калі няма абавязковага пратаколу, рытуалу, чалавек зьлёгку расслаблены, на паверхню выходзіць, прарываецца, выскоквае падсьвядомае, тое, што звычайна людзі хаваюць, кантралююць.

Лукашэнка гаварыў на розныя тэмы, закрануў шмат аспэктаў палітыкі. Але цэнтральнай ідэяй, якая пранізвала ўсю гутарку, як і можна было чакаць, стала пытаньне ўлады ў розных варыянтах і іпастасях. Пра што б ні ўзгадваў Лукашэнка, усё так ці інакш тычылася гэтай праблемы. Каго што хвалюе, той пра тое і гаворыць.

Вось ён закрануў тэму Ўсебеларускага народнага сходу. І катэгарычна абверг «некаторыя размовы», што гэта робіцца нібыта для ўтрыманьня ўлады. «Слухайце, не ўва мне справа. Сёньня справа ў нашых дзецях. Трэба пакінуць ім нармальную краіну», — заявіў Лукашэнка. Канечне, і хто мог такое нават падумаць, што яго цікавіць улада! 28 гадоў кіруе дзяржавай — і ніколі ня думаў пра ўтрыманьне ўлады.

Як звычайна, Лукашэнка абрынуўся на эўрапейскіх палітыкаў, якія, на ягоны погляд, вінаватыя ў вайне ва Ўкраіне: «Там няма кіраўнікоў». У чым жа выяўляецца іх палітычная мізэрнасьць? У тым, што «эліты шэрагу краін у гэтай сытуацыі не імкнуцца спыніць канфлікт, а наадварот, спрабуюць дадаткова разьвязаць вайну дзеля захаваньня ўласнай улады». То бок усё круціцца вакол улады. Але зноў з адваротнымі знакамі. Выяўляецца, гэта ня Пуцін разьвязаў вайну дзеля захаваньня ўлады, а эўрапейскія лідэры.

А далей Лукашэнка выдаў увогуле пэрл. Аказваецца, галоўны грэх эўрапейскіх палітыкаў палягае ў іншым: «А рашэньне прымаць няма каму. Баяцца. „Временщики“. Пераседзелі там тэрмін-два, а заўтра пойдзем на іншую працу».

Вось яна, цэнтральная загана дэмакратыі! Там улада мяняецца! Людзі знаходзяцца пры ўладзе часова. А потым пераходзяць на іншую працу. Як такое магчыма!

Тут Лукашэнка шчыры. Ён прагаварыўся. Усе астатнія абвінавачаньні на адрас Захаду, іх сыстэмы, каштоўнасьцяў — другасныя. Галоўнае, што там у выніку выбараў можна страціць уладу. Невыпадкова ён за ўзор дзяржаўнага кіраваньня бярэ Кітай, шкадуе, што ў новай Канстытуцыі запісана пра выбары прэзыдэнта народам, маўляў няхай бы выбіраў Усебеларускі народны сход.

І яшчэ цікавы сюжэт. Ён зьвяртаецца да гістарычнай рэмінісцэнцыі, кажа: «Досьвед у тым ліку рэвалюцыі 1917 году паказвае, да чаго можа прывесьці ігнараваньне думкі большасьці народу». Мяркую, рэпліка невыпадковая. Час ад часу, хоць у падсьвядомасьці, у яго праскоквае разуменьне той рэальнасьці, якая склалася ў Беларусі два гады таму. І якую ён баіцца прызнаць нават сам перад сабою. Бо літаральна праз хвіліну вырвалася яшчэ адна рэпліка, якая тлумачыць усё ў сучаснай беларускай палітыцы: «Каб у нас ніколі не паўтарылася тое, што было ў 2020 годзе». Вось яна, галоўная траўма, балючая стрэмка, якая сядзіць у душы і не дае расслабіцца.

Прычым важна падкрэсьліць, што сьцьвярджэньне ў выглядзе адмаўленьня — характэрная асаблівасьць палітычнага стылю Лукашэнкі — тут выявілася ва ўсёй сваёй паўнаце, амаль у чыстым выглядзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG