Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мовазнаўца Гаранін пра арышт: «Аднаго хлопца ў ГУБАЗіКу білі так моцна, што ён мог ляжаць толькі на жываце»


Сяргей Гаранін
Сяргей Гаранін

Пра затрыманьне дацэнта катэдры літаратурна-мастацкай крытыкі Сяргея Гараніна стала вядома толькі 6 лістапада. Ён адбываў арышт на Акрэсьціна.

Сяргей Гаранін — намесьнік дырэктара ў навуковай працы Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі». Ён выйшаў на волю і расказаў пра ўмовы, у якіх перажыў арышт.

«За час зьняволеньня для сукамэрнікаў прачытаны курс лекцыяў пра беларускую літаратуру XI–XV стагодзьдзяў у поўным аб’ёме. Колькасьць слухачоў вагалася ад 31 да 18 у 6-меснай камэры. Таксама праслуханыя лекцыі з:

  • квантавай мэханікі;
  • японскай эстэтыкі;
  • філязофіі пітагарэйцаў;
  • структуры чалавечага вока, афтальмалягічных захворваньняў і мэтадаў іх лячэньня;
  • філязофскай сыстэмы Мартына Гайдэгера;
  • авіяцыйных рэактыўных рухавікоў;
  • гісторыі падводнага флёту ад пачатку да ХХІ ст.;
  • практычных спосабаў ачысткі нафтавых адыходаў;
  • гісторыі сыцылійскай мафіі.

Браў удзел у сэмінарах-дыспутах „Лютаўская рэвалюцыя ў Расеі 1917 году“ і „Найлепшыя здабыткі сучаснай замежнай і айчыннай літаратуры“. Так што трэба ўносіць прапанову ў МУС РБ, каб палітычным пасьля Акрэсьціна выдавалі не даведку, а адмысловы сэртыфікат».

Сяргей Гаранін адзначыў, што былі ў камэры і пара крымінальнікаў, якім не дазвалялі мацюкацца. Быў і псыхічна хворы, якому турэмная адміністрацыя не давала лекаў. Падсаджвалі і бяздомнікаў, адзін зь іх сам папрасіўся да палітычных і паводзіўся нармальна.

Што да катаваньняў, то яны ў ГУБАЗіКу працягваюцца. У камэры былі маладыя хлопцы, аднаго білі так моцна, што ён мог ляжаць толькі на жываце.

«Бялізны, натуральна, няма, прагулак таксама, ад цяжкога паветра ўва ўсіх кашаль і вочы заплываюць гноем. Ну, вошы — гэта сьвятое».

Раней паведамлялі пра «зачыстку» КДБ у Акадэміі навук, празь якую прайшлі мінімум 44 супрацоўнікі. Дагэтуль няма падрабязнасьцяў. У пачатку паведамлялі пра траіх затрыманых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG