Топ-мэнэджара life:) асудзілі да 8 гадоў калёніі
У Менскім гарадзкім судзе вынесьлі прысуд аднаму з топ-мэнэджараў мабільнага апэратара life:) Арцёму Воўну — 8 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Воўна прызнаны вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці), ч. 1 арт. 179 (незаконныя зьбіраньне альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцьці), арт. 352 (неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй), піша «Вясна».
Падрабязнасьці справы невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома толькі, што яшчэ з Воўны спагналі на карысьць пацярпелым (меркавана, сілавікам і чыноўнікам) агулам 13 000 рублёў. Прысуд вынесла судзьдзя Валянціна Зянькевіч.
Суд над Эмай Сьцепулёнак пачнецца 10 лістапада
68-гадовая былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры зь Мёраў Эма Сьцепулёнак за кратамі амаль год. Яе затрымалі 29 верасьня 2021 году за камэнтар у сацыяльных сетках у «справе Зельцара». Жанчыне выставілі абвінавачваньне паводле артыкулаў 369 і 130 Крымінальнага кодэксу.
Сьцепулёнак ня мае ў Беларусі ані сваякоў, ані сяброў, але неабыякавыя людзі не пакінулі яе сам-насам з рэпрэсіямі. За час у зьняволеньні ў яе пагоршылася здароўе і сапсаваўся зрок.
У сярэдзіне верасьня жанчыне зьмянілі меру стрыманьня і перавялі на хатні арышт. Справу жанчыны пачнуць разглядаць 10 лістапада ў судзе Мёрскага раёну ў закрытым рэжыме. Працэс будзе весьці судзьдзя Ірына Яскевіч. 7 лістапада настаўніцы споўніцца 69 год.
Пацьвердзілася інфармацыя пра затрыманьне мовазнаўцы Гараніна
Сяргей Гаранін — намесьнік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтар дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі». Гаранін дасьледуе мэмуарную і паломніцкую літаратуру Вялікага княства Літоўскага.
Пра гэта ў фэйсбуку паведаміў яго знаёмы.
Таксама стала вядома, што затрыманы доктар біялягічных навук, прафесар Алег Давыдзенка — навуковец у галіне малекулярнай генэтыкі і сэлекцыі расьлін, член-карэспандэнт НАН Беларусі.
На тыдні адбылася «аблава» ў Акадэміі навук, калі сілавікі затрымалі мінімум 44 супрацоўнікі. Траіх зь іх затрымалі, але ў чым абвінавачваюць — невядома.