Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 4 лістапада: Арышт за бел-чырвона-белы малюнак на фасадзе дома; у «сьпіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 7 чалавек


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

У «сьпіс тэрарыстаў» дадалі яшчэ 7 чалавек

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі абнавіў сьпіс «асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці» — там зьявіліся прозьвішчы яшчэ сямі чалавек. Цяпер у ім 941 чалавек, зь іх 196 — беларусы, паведамляе «Вясна».

У сьпіс трапілі Ўладзіслаў Трызно (арт. 130 КК (Распальваньне варожасьці), палітзьняволены былы сьледчы Станіслаў Пугачоў, а таксама меркаваныя, па вэрсіі ўладаў, адміністратары «Чорнай кнігі Беларусі» Яніна Сазановіч, Дзьмітры Навоша, Даніла Багдановіч, Вольга Высоцкая і Валерыя Занімонская. Іх абвінавачваюць у распальваньні варожасьці (арт. 130 КК) і закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь (арт. 361 КК).

Сьвятар і рэдактар газэты «Царква» атрымалі 12 і 15 дзён арышту

Сьвятар грэка-каталіцкай царквы зь Берасьця Ігар Кандрацьеў атрымаў 12 дзён адміністрацыйнага арышту, рэдактар газэты «Царква» Ігар Бараноўскі — 15 дзён, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Бараноўскага судзілі па артыкуле аб «распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў» за публікацыю, якая выйшла ў траўні 2021 году на Фэйсбук-старонцы газэты «Царква» — у тым посьце было відэа «Белсату» (пры гэтым прадукцыю «Белсат» улады прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» толькі ў ліпені 2021 году).

Кандрацьева і Бараноўскага затрымалі 2 лістапада. У Кандрацьева сёньня правялі ператрус.

Затрымалі палітзьняволенага «хіміка» Ўладзімера Шакуна

У круглянскай папраўчай установе адкрытага тыпу № 46 быў затрыманы Ўладзімер Шакун, які адбывае тэрмін за абразу Лукашэнкі (арт. 368 КК) і зьдзек зь дзяржаўнага сьцяга (арт. 370 КК). На праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяльнае відэа» зь ім, паведамляе «Вясна».

Супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі яго разам з Максімам Жукавым, які быў асуджаны па арт. 328 Крымінальнага кодэксу. Падставай для затрыманьня сталі «экстрэмісцкія матэрыялы» ў тэлефонах вязьняў.

Затрымалі жонку палітвязьня Арцёма Анішчука

Як стала вядома праваабаронцам, у Менску сёньня затрымалі жонку палітвязьня Арцёма Анішчука Вольгу. Прычыны і падрабязнасьці пакуль невядомыя. 28 сьнежня 2021 году яе ўжо затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Перад гэтым дома ў Анішчукоў правялі ператрус, паведамляе «Вясна».

Арцёма Анішчука асудзілі 3 лютага 2021 году на два гады калёніі за пашкоджаньне машыны супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца. Яго адправілі адбываць тэрмін у магілёўскую калёнію № 15, дзе яго катавалі і білі. Там супраць яго заводзілі крымінальную справу па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы) і аказвалі ціск.

Арцём мусіў выйсьці на свабоду напрыканцы чэрвеня, адбыўшы цалкам тэрмін у два гады, але яго зноў затрымалі і асудзілі па новай крымінальнай справе па арт. 369 КК за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце да яго затрыманьня. Арцёму засталося адбываць яшчэ каля года зьняволеньня. Свой тэрмін ён адбывае ў бабруйскай калёніі.

Па «справе Зельцара» асудзілі жыхара Берасьця

У Берасьцейскім абласным судзе завяршыўся разгляд крымінальнай справы Дзьмітрыя Лагодзіча, якога абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) і распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці (ч.1 арт 130 КК). Справу разглядала судзьдзя Руслана Сянько, дзяржаўны абвінаваўца — пракурор Марыя Бялт, паведамляе «Вясна».

Лагодзіча затрымалі 30 верасьня 2021 году ў Берасьці па крымінальнай справе, заведзенай за камэнтары ў інтэрнэце пасьля гібелі ў менскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка і ІТ-спэцыяліста Андрэя Зельцара.

У ходзе суду высьветлілася, што абвінавачаньне за абразу Лукашэнкі выставілі за камэнтар, пакінуты яшчэ 12 жніўня 2020 году «ЎКантакце». Тады пад сваім імем Дзьмітры пракамэнтаваў навіну на старонцы Tut.by.

Судовы працэс доўжыўся тры дні, сёньня быў агучаны прысуд: 3 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.

Жыхара Докшыц судзяць паводле 7 артыкулаў

У Віцебскім абласным судзе 4 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы жыхара Докшыц, 53-гадовага Сяргея Грыбовіча, якога вінавацяць паводле 7 артыкулаў КК, паведамляе «Вясна». Справу ў закрытым рэжыме разглядае судзьдзя Яўген Буруноў.

Першапачаткова паведамлялася, што палітзьняволены Сяргей Грыбовіч, жыхар Докшыц, быў затрыманы на пачатку сакавіка 2022 году. У «пакаяльным» відэа ён казаў, што запоўніў анкету ў Telegram, каб паехаць ваяваць ва Ўкраіну супраць расейскіх войскаў.

У судзе Грыбовічу выставілі дадатковыя абвінавачаньні:

  • арт. 369 — абраза прадстаўніка ўлады;
  • ч. 1 арт. 130 — распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасьці;
  • часткі 1 і 2 арт. 367 — паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі;
  • часткі 1 і 2 арт. 368 — абраза Лукашэнкі;
  • ч. 1 арт. 361-3 — стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім;

Да суду яго ўтрымлівалі ў СІЗА № 2 Віцебску.

За пратэставыя малюнкі жыхару Баранавічаў прысудзілі 1 месяц арышту

У судзе Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы асудзілі Яўгена Шайбака паводле арт. 341 (Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці) Крымінальнага кодэксу.

Справу разглядала Іна Паўлоўская. Яна абвінаваціла Яўгена ў тым, што ён размаляваў фарбай белага, чырвонага і чорнага колераў некалькі фасадаў будынкаў, комін кацельні, сьмецьцевыя бакі і аўтобусны прыпынак.

На судзе Шайбак заявіў, што быў нязгодны з вынікамі прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, у сувязі з чым вырашыў выказаць свой пратэст у выглядзе надпісаў і малюнкаў. На фасадзе свайго дома ён намаляваў бел-чырвона-белы малюнак.

У выніку Паўлоўская прысудзіла Яўгену 1 месяц зьняволеньня.

Менчуку, якога асудзілі за «распальваньне варожасьці да расейцаў»​, узмацнілі пакараньне

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні разгледзелі пытаньне аб замене «хіміі» Сьвятаславу Лепешаву, асуджанаму за камэнтары пра расейцаў, якія «распальваюць варожасьць», і тэлефонны званок з пагрозамі прапагандысту Прыдыбайлу. Ягоную справу разглядаў судзьдзя Ўладзімер Пазьняк. Лепешаву ўзмацнілі рэжым, і цяпер ён у турме чакае этапу ў калёнію.

Стала вядома, што ў Лепешава пачаліся моцныя праблемы са здароўем. У папраўчай установе ад цяжкай працы, якая яму супрацьпаказаная, у яго пачаў падаць зрок. Акрамя гэтага, пасьля затрыманьня супрацоўнікамі ГУБАЗіК Сьвятаслава ўдарылі галавой — ад гэтага сытуацыя з вачыма пагоршылася. Лекары паставілі яму дыягназ — дыябэтычная рынапатыя, пачалі лячэньне лазэрам, але ў сувязі з узмацненьнем рэжыму яго прыйшлося перарваць. Яму можа пагражаць сьлепата і інваліднасьць.

Двум хлопцам прысудзілі 7,5 і 10 гадоў калёніі за падпал джыпа старшыні Камітэту судовых экспэртыз

У судзе Цэнтральнага раёну Менску ў закрытым рэжыме разгледзелі крымінальную справу супраць 19-гадовага Захара Таразевіча і 23-гадовага Антона Лысова. Іх абвінавацілі ў падпале джыпа кіраўніка ДКСЭ Аляксея Волкава ў кастрычніку 2021 году.

Пра затрыманьне Таразевіча і Лысова нічога не было вядома.

Як піша «Вясна», спачатку на хлопцаў завялі крымінальныя справы за «тэрарызм», аднак потым іхныя дзеяньні перакваліфікавалі на «зьнішчэньне маёмасьці» (арт. 218 КК).

Справу разглядала судзьдзя Тацяна Акавітая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG