Ёсьць такі папулярны наратыў — «прапаганда робіць з добрых людзей кепскіх». У радыкальных варыянтах даходзіць да таго, што нібыта ніхто перад прапагандай устаяць ня можа, і, адпаведна, адчапіцеся вы са сваімі этычнымі прынцыпамі і белым паліто. Няма ў вас ніякага маральнага стрыжня! Да вас проста не дабраліся правільныя прапагандысты.
У адпаведнасьці з гэтай карцінай сьвету прапаганда — гэта такі зьвер, які ўзьнікае зь ніадкуль, а попытам карыстаецца проста таму, што так склаўся лёс. Вось была нацыя свабодалюбівых людзей без аніякіх імпэрскіх замашак, а потым бац! — і кепскія Салаўёў са Скабеевай зрабілі з гэтай нацыі натоўп монстраў, якому хочацца зьнішчыць украінскі народ і які радуецца вайне. Гэтая ідэя, дарэчы, легла ў аснову нядаўняй перадачы вядомага расейскага журналіста Юрыя Дудзя «Прапаганда — паліва вайны». Больш за дзьве гадзіны ён разам зь людзьмі, якія прафэсійна выкрываюць расейскія фэйкі, даводзіць адну простую думку — прапаганда робіць з добрых людзей кепскіх.
І, здавалася б, усё так і ёсьць! Прапаганда — зло, а змаганьне зь ёю — добрая справа. Але ж губляецца важны нюанс — расказы расейскага тэлебачаньня пра баявых украінскіх гусей і пра манэкены ў Бучы так добра ўспрымаюцца таму, што на гэта першапачаткова ёсьць запыт. Дзяржаўная прапаганда не зрабіла добрых людзей кепскімі. Яна зачапілася за іх сьветапогляд і працуе на яго радыкалізацыю.
Але, акрамя агрэсіўных Салаўёва і Скабеевай, ёсьць у расейскім мэдыяполі яшчэ і мяккая прапаганда, разьлічаная на людзей, якія не глядзяць дзяржаўных каналаў. Ёю займаюцца людзі, якія супраць пуцінскага рэжыму, але за вялікую і шчасьлівую Расею. І яны найлепш уплываюць на так званую лібэральную расейскую супольнасьць і, што яшчэ важней, на беларускую супольнасьць, якая прагне зьменаў. Ня ведаю, ці ставяць яны перад сабой такую мэту, але беларусы і беларускі сталі іх вельмі ляяльнай аўдыторыяй.
Яны ж супраць Пуціна? Супраць. Ім не падабаецца вайна? Не падабаецца. Іх нават прызнаюць іншаагентамі! Ну пэўна ўжо нашы людзі!
Але не, ім пляваць на нас, — яны працуюць на расейскі парадак дня і расейскую аўдыторыю. Нас жа могуць выкарыстоўваць для дасягненьня сваіх мэтаў, а мы, як паказаў прыклад з Максімам Кацам у 2020 годзе, рады любой увазе і хутка ствараем сабе куміраў. Асабліва калі гэта расейскія куміры. Бо калі нас пахвалілі ажно самі Кац, Дудзь ці Шульман, — значыць, мы і праўда ўсё робім правільна.
Праўда, у 2022 годзе Кац адкрыта сказаў, што як расейскі апазыцыянэр клапоціцца выключна пра расейскую аўдыторыю, і што пра беларускі пратэст ён так шмат гаварыў, каб матываваць расейцаў. А мы што? А мы супакойвалі сябе ягонымі вечнымі расповедамі пра тое, што вось-вось рэжым рухне сам сабой. Калі што, я не зьбіраюся абвінавачваць Каца ў тым, што Лукашэнка і ягоныя прысьпешнікі ў выніку літаральна ўкачалі нашую краіну ў асфальт. Але я хачу нагадаць, што ня варта зачароўвацца тымі, хто нас хваліць у сваіх палітычных мэтах.
Яшчэ адзін прыклад такой разумнай расейскай прапаганды — гэта інтэрвію Кацярыны Гардзеевай. Пасьля 24 лютага на яе ютуб-канале рэгулярна выходзяць размовы з рознага кшталту расейскай інтэлігенцыяй. Звычайна яны разам лямантуюць пра тое, як цяжка «добрым рускім» у цяперашняй сытуацыі, як усё несправядліва і як яны спадзяюцца, што ўкраінцы і ўкраінкі іх прабачаць.
Пэрыядычна ў гэтых выпусках ненавязьліва прасоўваецца ідэя, што людзям ва Ўкраіне ўжо ўсё адно, будуць яны жыць у вольнай краіне ці ў акупацыі, і што хочуць яны толькі аднаго — каб вайна скончылася. І робіцца гэта ўсё часта пад драматычную музыку і зь вельмі тэатральнымі інтанацыямі. Каб мы ведалі, што расейскай інтэлігенцыі цяжка. Каб памяталі, што гінуць людзі «з двух бакоў», і каб не забываліся, што прыстойнаму чалавеку «шкада ўсіх».
А яшчэ там бывае адкрытая прапагандысцкая хлусьня. Напрыклад, Гардзеева размаўляе з грамадзкая дзяячкай Лідзіяй Маніявай, якая цяпер спэцыялізуецца на дапамозе ўкраінскім уцекачам, што застаюцца ў Расеі. Вядоўца пытаецца ў Маніявы, ці ёсьць сярод людзей, што зьвяртаюцца ў фонд, прымусова вывезеныя з Украіны. І Маніява сьмяецца ў адказ, пасьля чаго паміж імі адбываецца нібыта вясёлы дыялёг, у ходзе якога Лідзія кажа, што глупства гэта, і што ўсе, вядома ж, едуць у Расею па сваёй волі.
Разумееце, дзьве вядомыя інтэлігентныя жанчыны прапаноўваюць нам паверыць у тое, што прымусовай дэпартацыі няма і не было, хоць ёсьць шмат сьведчаньняў і доказаў, што гэтая дэпартацыя была і працягваецца. Вайна ня скончылася, частка Украіны дагэтуль у акупацыі, Расея плянамерна зьнішчае ўкраінскую энэргетычную інфраструктуру, а нам пасьлядоўна прасоўваюць ідэі, што інтэлігенцыя пакутуе ад неабходнасьці назіраць «усе гэтыя жахі» і што мы мусім шкадаваць расейскіх вайскоўцаў, бо яны таксама нечыя сыны.
І з улікам таго, што шмат людзей у Беларусі дагэтуль лічаць Расею і расейцаў «сваімі», гэтыя ідэі могуць пасьпяхова прыжывацца.
Ці супраць Пуціна Кацярына Гардзеева, Максім Кац, Юрый Дудзь і іншыя? Думаю, так. Але пляваць ім і на Беларусь, і на Украіну. Ім трэба моцная вялізная Расея. А нам?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.