Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Есьць усё, ня можа набыць туалетную паперу». Навіны Мікалая Аўтуховіча, які атрымаў рэкордны палітычны прысуд


Мікалай Аўтуховіч, 2014 год
Мікалай Аўтуховіч, 2014 год

Расказваем, як жыве ў горадзенскай турме ваўкавыскі прадпрымальнік Мікола Аўтуховіч, якому далі 25 гадоў за нібыта «акт тэрарызму» і «жаданьне забіць Лукашэнку».

Мікола Аўтуховіч 20 кастрычніка чарговы раз трапіў у карцар на 7 дзён. У верасьні ён ужо правёў 10 дзён у карцары за тое, што падчас ягонага дзяжурства па камэры ў сукамэрніка знайшлі забаронены прадмет.

Падобна, што палітвязень амаль цалкам вярнуўся да свайго звычайнага бадзёрага стану пасьля працяглага сухога галадаваньня. Аднак у яго яшчэ здараюцца ацёкі. Цукар у крыві на верхняй мяжы нормы, адразу пасьля галадоўкі ён быў моцна падвышаны.

Ягоныя лісты да сваякоў пачалі даходзіць. Мікола агулам ня скардзіцца блізкім на здароўе, піша, што адчувае сябе добра. Перадае падзяку ўсім людзям, якія яго падтрымліваюць.

Аўтуховіч досыць хутка вярнуўся да нармальнага харчаваньня, спажывае ўсе прадукты, часта просіць перадаць сала і цыбулю, перадае, што ўжо не патрэбныя дзіцячыя фруктовыя пюрэ, якія дапамаглі яму выходзіць з галадоўкі. Яму даходзяць пасылкі поштай, перадаюць перадачы.

«Яму заўжды дарэчы дасылаць арэхі, сухафрукты, мясныя чыпсы, сухую і вяленую рыбу, вяленыя мясныя вырабы, цыбулю, часнык, чыстыя паштоўкі», — кажуць блізкія.

Апошнім часам да Аўтуховіча не прыходзіць чалавек з «атаваркі», таму палітвязень сам ня мог набыць туалетную паперу і ваду з турэмнай крамы, хоць меў грошы на сваім турэмным рахунку.

Цяпер блізкія зьбіраюць Аўтуховіча на этап у калёнію, плянуюць перад этапам забраць непатрэбныя рэчы зь СІЗА. Пакуль яму перадалі тэрмабялізну і цёплыя рэчы.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG