Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка выклікаў хаос у эканоміцы, узяўшыся за рэгуляваньне цэнаў


Закрытыя гандлёвыя рады на рынку ў Баранавічах, 27 кастрычніка 2022
Закрытыя гандлёвыя рады на рынку ў Баранавічах, 27 кастрычніка 2022

Вайна з высокімі цэнамі, якую ў Беларусі ініцыяваў Лукашэнка, ператварылася ў вайну з эканомікай. Урад разгублены, гандляры ня ведаюць, як працаваць далей, каб не збанкрутаваць і ня трапіць у турму.

Цяперашняя гісторыя змаганьня ўладаў з цэнамі — гэта проста выдатная ілюстрацыя для падручнікаў пра тое, як аўтарытарная ўлада, ня маючы мэханізму адбракоўваньня памылковых рашэньняў, рэгулярна наступае на граблі.

Сьцісла:

  • Лукашэнка пэрыядычна прымае рашэньні на шкоду самому сабе і свайму рэжыму і тым самым дэстабілізуе сытуацыю.
  • Здаецца, урад у разгубленасьці, ён дрэнна зразумеў, што рабіць у барацьбе з цэнамі.
  • Супярэчлівыя рашэньні ўладаў стварылі ступар і хаос у сыстэме гандлю.
  • Усё гэта вельмі нагадвае сытуацыю 2017 году, калі Лукашэнка пачаў барацьбу з «дармаедамі» і гэта выклікала шырокія пратэсты.
  • Калі дыктатар робіць памылку, то яе немагчыма выправіць.

Прагнозы адносна разьвіцьця палітычнай сытуацыі заўсёды рызыкоўная рэч. Бо вельмі лёгка памыліцца. Аднак бываюць выпадкі, калі прадказаньні рабіць ня надта і складана. Так бывае, калі ў краіне чвэрць стагодзьдзя нічога не мяняецца, ва ўладзе адзін чалавек.

Вось у гэтай гісторыі з цэнамі якраз і спраўдзіліся некаторыя прагнозы, якія давалі дасьведчаныя назіральнікі. Напрыклад, тое, што тэрор не абмяжуецца «палітычнымі», усьлед за адкрытымі апанэнтамі рэжыму возьмуцца за іншыя катэгорыі насельніцтва, хоць б з той прычыны, што рэпрэсіўная машына ня можа знаходзіцца ў прастоі. Цяпер вядома пра дзясяткі крымінальных спраў на бізнэсоўцаў, якія нібыта павысілі цэны.

Спраўдзіўся яшчэ адзін прагноз. Экспэрты прадказвалі, што сыстэма аднаасобнай улады непазьбежна вядзе да таго, што ў палітычнай публіцыстыцы атрымала назву «самастрэл». Гэта калі Лукашэнка прымае рашэньні на шкоду самому сабе, свайму рэжыму і тым самым дэстабілізуе сытуацыю. Цяперашняя гісторыя змаганьня ўладаў з цэнамі — гэта проста клясыка жанру, выдатная ілюстрацыя для падручнікаў пра тое, як аўтарытарная ўлада, ня маючы мэханізму адбракоўваньня памылковых рашэньняў, рэгулярна наступае на граблі.

Што адбылося? 6 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка падчас нарады з эканамічным блёкам ураду забараніў падымаць цэны. І тут жа выдаў адпаведную дырэктыву. Мяркую, вышэйшае чынавенства здагадвалася, што ні да чога добрага гэта не прывядзе. Але пярэчыць ніхто не адважыўся.

Пакуль бізнэсоўцы разьбіраліся, ці гэта сапраўды рэальная дырэктыва, ці чарговая пустая папулісцкая заява, якіх было процьма, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнага кантролю сталі хадзіць па крамах, правяраць цэны і заводзіць крымінальныя справы, садзіць за краты. Напрыклад, затрымалі амаль усё кіраўніцтва гандлёвай сеткі «Суседзі».

Здаецца, урад разгубіўся, дрэнна зразумеў, што яму рабіць. Бо калі забараніць рост цэнаў, то эканамічнае жыцьцё проста спыніцца. А як рэгуляваць, незразумела. У выніку ўрад прыняў шэраг дакумэнтаў, у тым ліку пастанову № 713 «Аб сыстэме рэгуляваньня цэн» 19 кастрычніка. А 26 кастрычніка аб’явіў, што ўнёс у яе зьмены, але адразу не патлумачыў, якія. Што стварыла ступар і хаос у сыстэме гандлю. То бок правілы цэнаўтварэньня дрэнна зразумелыя, але за іх парушэньне людзей саджаюць за краты. Вінаватыя ўсе, хто працуе ў гандлі, але хапаюць не ўсіх, а толькі тых, каму не пашанцавала. І, каб ужо давесьці сытуацыю да поўнага абсурду, у Аршанскім раёне дырэктара прадпрыемства пакаралі за заніжэньне (!) цэнаў.

Кульмінацыйным днём гэтай хронікі барацьбы са здаровым сэнсам стала 27 кастрычніка. У гэты дзень спынілі працу рынкі ў 13 гарадах краіны. Зачыніліся крамы абутку «Мэгатоп», спынілася праца сайтаў «Марка» і «Белвэсту», «КРАВТ». Тады чыноўнікі, напрыклад, у Гомлі, сталі пагражаць прадпрымальнікам пакараньнем за спыненьне работы. Што б прадпрымальнік ні рабіў, ён усё роўна вінаваты.

Мусіць, Лукашэнка, загадаўшы спыніць цэны, імкнуўся павысіць сваю папулярнасьць у народзе. А атрымалася вось так.

Усё гэта вельмі нагадвае сытуацыю 2017 году, калі Лукашэнка пачаў барацьбу з «дармаедамі». Тады, таксама як і цяпер, шмат разважаў пра справядлівасьць. У выніку гэта спарадзіла шырокія пратэсты па ўсёй краіне. Былі незадаволеныя і народ, і дзяржаўны апарат. Але, як і цяпер, спрацаваў фэномэн пэрсаналісцкага рэжыму. Калі дыктатар робіць памылку, то яе немагчыма выправіць. Бо ніхто з блізкага атачэньня не асьмельваецца пярэчыць. А Лукашэнка ня можа прызнаць, што зрабіў памылку, стварыўшы ўласнымі рукамі праблему. Бо ўсеўладны кіраўнік ня можа памыляцца.

Таму падобныя «самастрэлы» непазьбежна будуць працягвацца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG