Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы разбураных магіл польскіх жаўнераў у Воранаўскім раёне паставілі бярозавыя крыжы


Могілкі жаўнераў АК у Суркантах да і пасьля зьнішчэньня
Могілкі жаўнераў АК у Суркантах да і пасьля зьнішчэньня

Гэта ўжо шостае вядомае разбурэньне польскіх вайсковых могілак і помнікаў у Беларусі і самае маштабнае.

Невядомыя ўшанавалі разбураныя магілы загіблых салдат Арміі Краёвай у вёсцы Сурканты Воранаўскага раёну традыцыйнымі надмагільлямі для часоў вайны – бярозавымі крыжамі і польскай сымболікай.

Бярозавыя крыжы на магілах салдат Арміі Краёвай у Суркантах Воранаўскага раёна
Бярозавыя крыжы на магілах салдат Арміі Краёвай у Суркантах Воранаўскага раёна

Як паведамляе сайт Glosznadniemna.pl, замест зьнесеных на загад уладаў Беларусі каменных крыжоў на ўзаранай тэрыторыі вайсковых могілак паставілі на месцах, дзе былі магілы, бярозавыя крыжы, зробленыя па-салдацку, а таксама зьнічы і бела-чырвоныя стужкі.

Бярозавыя крыжы на магілах салдат Арміі Краёвай у Суркантах Воранаўскага раёна
Бярозавыя крыжы на магілах салдат Арміі Краёвай у Суркантах Воранаўскага раёна

У жніўні ў вёсцы Сурканты Воранаўскага раёну Горадзенскай вобласьці ўлады зьнішчылі чарговыя могілкі польскіх жаўнераў, піша Саюз палякаў Беларусі.

Паводле атрыманай Саюзам інфармацыі ад мясцовых жыхароў, «спусташэньне могілак нагадвала маштабную спэцапэрацыю».

Так выглядалі могілкі АК у Суркантах
Так выглядалі могілкі АК у Суркантах

У Суркантах палеглі 57 жаўнераў Арміі Краёвай, гэта здарылася 23 жніўня 1944 году ў баі з 3-м батальёнам НКУС, які акружыў атрад падпалкоўніка АК Мацея Клянкевіча «Котвіча». Пэўна, менавіта на гадавіну бою ўлады прымеркавалі зьнішчэньне польскага пахаваньня.

Пахаваньне загінулых польскіх жаўнераў, праз страх мясцовых жыхароў перад саветамі, адбылося не на мясцовых могілках, а на полі, каля могілак паўстанцаў 1863 году, з удзелам мясцовага святара літоўскай нацыянальнасьці. У савецкія часы мясцовыя жыхары не дазволілі заараць магілу для калгасу. 8 верасня 1991 году польскія жаўнеры былі эксгумаваныя і пахаваныя на месцы, дзе спачываюць дагэтуль.

Беларускія ўлады, а тады кіравалі камуністы, далі згоду на крыж на магіле з надпісам на польскай мове, аднак адмовіліся згадаць, што палякі ваявалі з НКУС.

Могілкі ў Суркантах пасьля зьнішчэньня
Могілкі ў Суркантах пасьля зьнішчэньня
Спэцтэхніка, якой 25 жніўня зруйнавалі польскія могілкі
Спэцтэхніка, якой 25 жніўня зруйнавалі польскія могілкі

Зьнішчэньне польскіх пахаваньняў і памятных мясьцін

Раней улетку улады Беларусі ўжо зьнішчылі некалькі могілак жаўнераў Арміі Краёвай, якія змагаліся на беларускай зямлі супраць гітлераўскіх акупантаў і таксама ўступалі ў баі з савецкімі войскамі, асьцерагаючыся камуністычнай акупацыі Польшчы.

Зьнішчэньне польскіх пахаваньняў і памятных мясьцін у Беларусі пачалося ў чэрвені.

Гэта ўжо шостае вядомае разбурэньне магілаў ваяроў Арміі Краёвай у Горадзенскім рэгіёне. Першага ліпеня СМІ паведамілі пра разбурэньне пахаваньняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёну, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага раёну, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёну, 22 ліпеня — у Стрыеўцы Горадзенскага раёну.

Могілкі ў Суркантах пасьля зьнішчэньня
Могілкі ў Суркантах пасьля зьнішчэньня

Польшча патрабуе спыніць акты вандалізму

У Польшчы асудзілі кампанію зьнішчэньня помнікаў польскім салдатам. Першага ліпеня МЗС Польшчы выказала «сур’ёзную заклапочанасьць» у сувязі з «актамі апаганеньня месцаў польскай нацыянальнай памяці» ў Беларусі. У Варшаве падкрэсьлілі, што вандалізм адбываецца галоўным чынам на тэрыторыі Горадзенскай вобласці, «дзе знаходзіцца каля 550 месцаў супакаеньня польскіх воінаў, удзельнікаў народных паўстаньняў, абаронцаў Горадні».

Варшава заклікала ўлады ў Менску «неадкладна спыніць акты вандалізму на могілках, выявіць і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых». Польшча «рашуча патрабуе павагі магілаў і памяці аб памерлых». 5 ліпеня ведамства выказала абурэньне ў сувязі са «зносам на загад беларускіх уладаў могілак польскіх воінаў» у Мікулішках (Ашмянскі раён Горадзенскай вобласьці).

МЗС Беларусі адмаўляе наяўнасьць пахаваньняў

7 ліпеня ў Міністэрства замежных спраў Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў сувязі з сытуацыяй са зьнішчэньнем пахаваньня салдатаў Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёну. Тады ў міністэрстве адмаўлялі, што нейкае пахаваньне там увогуле існавала. Часоваму паверанаму Марціну Вайцяхоўскаму тады патлумачылі, што ў гэтым населеным пункце, паводле інфармацыі мясцовых уладаў, «вайсковых пахаваньняў і пахаваньняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана».

Наконт могілак жаўнераў АК у вёсцы Сурканты Воранаўскага раёну Горадзенскай вобласьці аіфцыйных камэнтароў з боку беларускіх уладаў няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG