З 2035 году ў ЭЗ будзе забаронены продаж новых аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згараньня, піша DW.
Дзяржавы Эўразьвязу і Эўрапарлямэнт дасягнулі папярэдніх дамоўленасьцяў аб прыняцьці закону, які з 2035 году фактычна забароніць продаж у Эўразьвязе машын з рухавікамі ўнутранага згараньня.
Удзельнікі перамоў з краін ЭЗ і Эўрапарлямэнту, які мае ўхваліць новы закон, а таксама Эўрапейскай камісіі, якая распрацоўвае яго, пагадзіліся, што аўтавытворцы павінны дабіцца 100-працэнтнага скарачэньня выкідаў CO2 да 2035 году, што зробіць немагчымым прадаваць новыя аўтамабілі, якія працуюць на выкапнёвым паліве.
Часовыя выключэньні будуць зробленыя для вытворцаў, якія выпускаюць менш за 10 тысяч машын на год, гэта значыць вытворцаў раскошных аўтамабіляў, такіх як Ferrari, адзначае агенцтва AFP. У дамове таксама застаецца магчымасьць у будучыні дазволіць продаж аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згараньня, якія працуюць на так званым электронным паліве (відзе сынтэтычнага паліва, якое вырабляецца з дапамогай электраэнэргіі з аднаўляльных крыніц).
Першае пагадненьне ў рамках «зялёных» рэформаў ЭЗ
Цяпер пагадненьне павінны афіцыйна ўхваліць Эўрапарлямэнт і Эўрапейская рада, перш чым яно афіцыйна набудзе моц. Гэта першыя правілы, узгодненыя ў рамках «зялёных» плянаў ЭЗ «Fit for 55», мэта якіх — скарачэньне выкідаў парніковых газаў у ЭЗ на 55 працэнтаў да 2030 году.
Гэта «гістарычнае рашэньне ЭЗ у дачыненьні да клімату», заявіў францускі дэпутат Эўрапарлямэнту Паскаль Канфін, які ўзначальвае экалягічны камітэт Эўрапарлямэнту. Як сказаў намесьнік старшыні Эўракамісіі Франс Цымэрманс, рашэньне пасылае «моцны сыгнал для прамысловасьці і спажыўцоў: Эўропа пераходзіць да безэмісійнай мабільнасьці».
«З гэтым рашэньнем рухавік унутранага згараньня нарэшце будзе выведзены з ужытку, але дата заканчэньня відавочна занадта позьняя», — пракамэнтаваў AFP пагадненьне экспэрт у галіне дарожнага руху Greenpeace Тобіяс Аўструп. Паводле яго, для дасягненьня мэты абмежаваньня росту тэмпэратуры да 1,5 градуса, прадугледжанай Парыскім пагадненьнем аб клімаце, у Эўропе не павінна быць новых дызэльных і бэнзінавых рухавікоў не пазьней за 2028 год.
Пагадненьне раскрытыкавалі ў Нямецкай асацыяцыі аўтамабільнай прамысловасьці (VDA). У пагадненьні ставяцца «амбіцыйныя мэты», але не вылучаюцца неабходныя перадумовы для пасьпяховага правядзеньня трансфармацыі, растлумачыла прэзыдэнтка VDA Хільдэгард Мюлер. Гэта датычць, у прыватнасьці, пашырэньня зараднай інфраструктуры для электрамабіляў, сказала яна.