Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назвалі імёны расейскіх вайсковых інжынэраў, якія наводзяць ракеты на цывільныя аб’екты Ўкраіны


Запуск расейскай ракеты марскога базаваньня «Калібр»
Запуск расейскай ракеты марскога базаваньня «Калібр»

Расьсьледнікі The Insider, Bellingcat і Der Spiegel знайшлі сакрэтнае падразьдзяленьне ў складзе Галоўнага вылічальнага цэнтру (ГВЦ) Узброеных сілаў Расеі і ідэнтыфікавалі 30 вайсковых інжынэраў, якія наводзяць ракеты на цывільныя абʼекты Ўкраіны.

Большасьць з гэтых людзей, як сьцьвярджаецца ў сумесным расьсьледаваньні, маладыя мужчыны і жанчыны з досьведам працы ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў і нават у распрацоўцы кампутарных гульняў. Усе яны зарэгістраваныя як асобы, якія пражываюць і працуюць па адрасе Знаменка, 19 у Маскве — гэта афіцыйны адрас Генштабу Ўзброеных сілаў РФ.

Расьсьледнікі вывучылі мэтададзеныя тэлефонных размоваў начальніка ГВЦ генэрал-маёра Робэрта Баранава з 24 лютага па канец красавіка 2022 году. Кожны раз перад запускам ракетаў яму тэлефанавалі з нумара палкоўніка Ігара Багнюка, які таксама зарэгістраваны на Знаменцы, 19. Вывучэньне званкоў самога Багнюка паказала, што ён меў зносіны з больш як 20 вайсковымі інжынэрамі і айцішнікамі з ГВЦ.

На аснове кластэраў з званкоў, якія паўтараліся, расьсьледнікі, як паведамляецца, рэканструявалі каманду з 33 вайсковых інжынэраў, якія падпарадкоўваюцца Багнюку. Ім таксама ўдалося зьвязаць асобныя ўдары крылатых ракетаў з канкрэтнымі падразьдзяленьнямі ГВЦ. Паводле выданьняў, падразьдзяленьне ГВЦ складаецца з трох камандаў, кожная зь якіх праграмуе траекторыі палёту аднаго канкрэтнага тыпу ракетаў:

ЗМ-14 («Калібр», марскога базаваньня) — Іван Папоў, Матвей Любавін, Раман Курачкін, Кацярына Чугунова, Сяргей Ільін, Юрый Ніканаў, Георгій Старасьцін, Дзьмітрый Ціханаў, Мікалай Тарасаў і Ігар Граза.

9М728 (Р-500, апэратыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», наземнага базаваньня) — Аляксей Міхайлаў, Павел Обухаў, Эльвіра Обухава, Мікіта Паплаўскі, Віктар Яскелайнен, Аляксандар Грыгар'ян, Уладзімір Пятроў, Арцём Вядзенаў.

Х-101 (паветранага базаваньня) — Арцём Чарноў, Аляксей Бецехцін, Андрэй Іванюцін, Антон Чулікаў, Вольга Пісьменская, Павел Васільеў, Аляксей Волкаў, Антон Шатун, Станіслаў Мінкоў.

The Insider зьвязаўся зь імі па тэлефонах з атрыманага білінгу, усе яны прызналі, што гэтыя тэлефонныя нумары належаць менавіта ім, але адмаўлялі, што працуюць у ГВЦ і маюць нейкае дачыненьне да абстрэлаў Украіны.

Адзін зь іх прызнаў, што яго завуць Сяргей Ільін, але заявіў, што зьяўляецца «самазанятым» і працуе сантэхнікам: «Ніякага дачыненьня да нейкіх вылічэньняў я ня маю, хіба толькі да тых, якія патрэбныя для сантэхнічных работ».

Арцём Вядзенаў, адказаўшы на званок, ня стаў адмаўляць, што ён Арцём Вядзенаў, але заявіў, што працуе на сьвінафэрме і ніякімі каштоўнымі зьвесткамі не валодае: «Я ня супраць з вамі пагаварыць, але што я магу вам расказаць — як разабраць сьвініну? Або як правільна курэй абскубаць?».

Юрый Ніканаў заявіў, што зьяўляецца кіроўцам аўтобуса і інфармацыя аб яго працы ў вылічальным цэнтры — гэта «нейкае трызьненьне». Іван Папоў заявіў, што ён толькі вучыцца праграмаваць на «Пітоне», ні пра які вылічальны цэнтар ня ведае і пытаць яго пра кіраваныя ракеты бессэнсоўна: «Гэта як я б вас стаў зараз пра балет распытваць, разумееце?».

The Insider прадэманстраваў некаторым зь іх фота, дзе яны стаяць у вайсковай форме са знакам вылічальнага цэнтра. Уладзімір Варабʼёў, які спачатку заявіў, што ня мае дачыненьня да ГВЦ, пасьля паказанага фота адказаў: «Першы раз у жыцьці бачу. Тым больш у форме яшчэ».

Непасрэдным камандзірам падразьдзяленьня навядзеньня ракетаў ГВЦ, як сьцьвярджаюць расьсьледнікі, зьяўляецца палкоўнік Ігар Багнюк. Паводле іх зьвестак, ён нарадзіўся ў 1982 годзе ў Рызе, у 2004 годзе скончыў Серпухаўскі філіял Акадэміі Ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня, які спэцыялізуецца на інфармацыйных сыстэмах для расейскіх ракетаў.

Багнюк служыў у вайсковай частцы 29692 пад Уладзімірам, пакуль яго не перавялі ў Маскву для службы ў ГВЦ. Ён сярод іншага ўзнагароджаны мэдалём «За вайсковую доблесьць» 1-й ступені за ўдзел у ваеннай апэрацыі ў Сырыі.

«Тэлефонныя запісы Багнюка і яго падначаленых за некалькі тыдняў да ўдараў 10 кастрычніка паказваюць з 2 кастрычніка павышэньне актыўнасьці званкоў, якая дасягае піку 9 кастрычніка. Пры гэтым у апошні дзень перад ударамі інжынэрам-наводчыкам было зроблена 11 званкоў. Да 2 кастрычніка званкоў не было каля двух тыдняў, што таксама адпавядае адсутнасьці паведамленьняў аб ужываньні крылатых ракетаў. Гэта сьведчыць аб тым, што плянаваньне ўдару 10 кастрычніка пачалося прыкладна на тыдзень раней, што адпавядае выведнай інфармацыі, атрыманай украінскімі ўладамі. З гэтага таксама вынікае, што атака на энэргетычную інфраструктуру Ўкраіны не магла быць наступствам падрыву Керчанскага моста ў Крыме 8 кастрычніка 2022 году», — гаворыцца ў матэрыяле расьсьледавальнікаў.

Самыя раньнія званкі паміж Багнюком і генэралам Баранавым, як высьветлілі журналісты, датуюцца 13 сакавіка 2022 году. У тую раніцу, паводле іх зьвестак, яны двойчы размаўлялі паміж 10:00 і 10:30. Раней гэтай раніцай Расея нанесла ўдары ракетамі Х-101 і «Калібр» па вайсковым палігоне пад Львовам. Гэта прывяло да гібелі 35 чалавек, 134 былі параненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG