У Фінскай затоцы, у расейскіх тэрытарыяльных водах прыкладна за 40 кілямэтраў на паўднёвы захад ад Выбаргу, адбылося пяць сэйсьмічных падзей нявызначанай прыроды. Пра гэта паведамляюць фінскія СМІ са спасылкай на сэйсмалягічны інстытут у Хэльсынкі.
Сэйсьмічныя хвалі, якія могуць быць выкліканы землятрусамі, выбухамі, апоўзьнямі, горнымі і дарожнымі работамі, сэйсмограф зафіксаваў на мінулым тыдні. У чацьвер былі зафіксаваныя 4 падзеі, у пятніцу – адна. Усе яны мелі аднолькавую інтэнсіўнасьць. Прычыны здарэньня геадэзісты не называюць.
У раёне сэйсмаактыўнасьці праходзіць нітка газаправоду «Паўночны паток», але дакладная адлегласьць да трубаправоду ня вызначана.
- Месяц таму ў Балтыйскім моры зафіксавалі вялікі выцек тэхнічнага газу. Яго выклікалі пашкоджаньні «Паўночнага патоку».
- У выніку меркаваных выбухаў былі выведзены са строю абедзьве трубы газаправоду «Паўночны паток – 1» і адна зь дзьвюх трубаў газаправоду «Паўночны паток – 2».
- «Паўночны паток – 1» быў асноўнай магістральлю паставак расейскага газу ў Нямеччыну, адкуль ён разьмяркоўваўся далей па краінах Эўразьвязу. У сярэдзіне лета расейскі апэратар «Газпрам» пачаў зьніжаць прапампоўваньне газу па газаправодзе, а потым цалкам спыніў яго, спасылаючыся на тэхнічныя прычыны.
- «Паўночны паток – 2» быў пабудаваны таксама для экспарту расейскага прыроднага газу ў Эўропу, але пасьля маштабнага нападу Расеі на Ўкраіну і наступных эканамічных санкцый з боку Эўразьвязу ня быў уведзены ў эксплуатацыю.
- Нямеччына, Данія і Швэцыя вядуць уласныя расьсьледаваньні інцыдэнту, ня здолеўшы дамовіцца аб сумеснай працы. Паліцыянты Даніі і Швэцыі прыйшлі да высновы, што «Паўночны паток – 1» быў падарваны ў некалькіх месцах.
- Паводле амэрыканскага выданьня Wall Street Journal, многія асобы, якія маюць дачыненьне да расьсьледаваньня, падазраюць, што за меркаванай дывэрсіяй можа стаяць сама Расія. Яны лічаць, што, пакінуўшы непашкоджанай адну нітку «Паўночнага патоку – 2», Масква хоча прымусіць улады Нямеччыны сэртыфікаваць працу газаправода.
- Расейскія ўлады лічаць, што ў аварыі зацікаўлены ЗША і іх саюзьнікі. МЗС Расеі паведаміла, што Масква не прызнае вынікаў расьсьледаваньня эўрапейскіх краін, калі ў ім ня будуць удзельнічаць расейскія спэцыялісты.