Беларусы Варшавы і Шчэціна сабраліся ў падтрымку Дарʼі Лосік, каб яе голас, і галасы іншых палітвязьняў не сьціхаў, паведамляе «Белсат».
«Дарʼя — сьмелая жанчына, якая, нягледзячы ні на што, змагалася з рэжымам за свабоду свайго мужа, за дзяцінства для сваёй трохгадовай дачушкі, за вольную Беларусь», — адзначылі ўдзельнікі акцыі.
Жонку палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка Дар’ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка.
Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й раніцы, сама Дар’я з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спалі. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, Дар’ю Лосік абвінавачваюць у садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці ў выглядзе размовы з тэлеканалам «Белсат» вясной 2022 году.
Паводле якога артыкула абвінавачваюць жонку палітвязьня, афіцыйна не паведамляецца.
Першапачаткова Дар’ю Лосік затрымлівалі ў рамках крымінальнай справы на тры дні. Як стала вядома Свабодзе, раніцай 21 кастрычніка яна па-ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА Берасьця, на свабоду Дар’ю не адпусьцілі. Яе сям’я зьбірае дакумэнты, неабходныя для афармленьня апякунства над дачкой Лосікаў Паўлінай.
Ці ведае Ігар Лосік пра затрыманьне жонкі, дакладна не вядома. Яго родныя ня мелі кантакту зь Ігарам зь мінулага тыдня, ад яго пакуль няма сьвежых лістоў.
Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Джэймі Флай выступіў з заявай пра затрыманьне Дар’і Лосік:
«Дарʼя Лосік ні ў чым не вінаватая, апроч як у абароне свайго несправядліва зьняволенага мужа Ігара Лосіка. Яе павінны, не марудзячы, адпусьціць, каб даглядала сваю дачку Паўліну. Сямʼя Лосікаў дастаткова нацярпелася».
У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША заявілі, што ўстрывожаныя навінамі аб затрыманьні Дарʼі Лосік.
Журналіст Свабоды Ігар Лосік за кратамі больш як два гады — з 25 чэрвеня 2020 году. У сьнежні 2021 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Ігару 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Палітвязьня перавялі ў Наваполацак, на месца пастаяннага зьняволеньня.
Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.