Пабрыкс, у прыватнасьці, абвінаваціў у здрадзе ідэалаў ЭЗ і NATO тыя краіны, якія не разьлічваюць на перамогу Украіны ў гэтай вайне:
«Маральна Украіна ўжо перамагла, псыхалягічна ўжо перамагла. Цяпер перамога — пытаньне тэхнічнае і пытаньне таго, наколькі хутка іншыя дзяржавы сьвету зразумеюць, што адзіным зыходам гэтай вайны можа быць перамога Украіны. І мы ведаем, што яшчэ не ўсе дзяржавы, нават у Эўропе, так думаюць і гавораць, але такая пазыцыя краін — членаў Эўрапейскага Зьвязу і NATO вельмі блізкая да здрады», — сказаў міністар.
Камэнтуючы зьмяненьне характару вайны, якая перайшла ад баявых дзеяньняў да разбурэньня цывільнай інфраструктуры Ўкраіны, Пабрыкс сказаў, што гэта не мяняе пазыцыі саюзьнікаў Украіны. Нават калі Расея вырашыцца на ўжываньне ядзернай зброі супраць Украіны, Захад не перастане дапамагаць ёй змагацца з агрэсіяй. Пабрыкс дадаў, што эўрапейскія краіны адкажуць на такі магчымы ўдар.
Артыс Пабрыкс прымае ўдзел у штогадовай Рыскай канфэрэнцыі па бясьпецы і зьнешняй палітыцы, галоўнай тэмай якой у гэтым годзе стала вайна ва Украіне.