Колькасьць вайсковай авіяцыі, якая знаходзіцца на аэрадромах Беларусі, «сталая», і «сэнсацыйнага» павелічэньня яе няма, заявіў у камэнтары Радыё Свабода прэсавы сакратар камандаваньня вайскова-паветраных сіл Украіны Юры Ігнат.
«Што тычыцца авіяцыі, якая знаходзіцца на гэтых аэрадромах, то ВПС Украіны маюць поўную карціну таго, што там адбываецца і якая тэхніка там знаходзіцца. Колькасьць гэтага абсталяваньня сталая. Павелічэньне (колькасьці ракетаносцаў. — РС) „Кінжалаў“ ня стаў бы адносіць да нечага рэзананснага. Таму што гэты МІГ (МІГ-31к. — РС) сёньня можа быць тут, заўтра — у Крыме. Тым больш што „Кінжал“ можа быць запушчаны з Расеі. То бок гэта ня нешта такое сэнсацыйнае», — патлумачыў Ігнат.
Разам з тым, паводле яго, цяпер на тэрыторыі Беларусі назіраецца павелічэньне колькасьці расейскіх вайскоўцаў.
«Цяпер ідзе накапленьне менавіта жывой сілы, каб стварыць зь беларусамі нейкую групоўку, якая можа пагражаць нам з поўначы. Але ў Генштабе гэта разумеюць, і будуць зробленыя крокі, каб гэтаму неяк супрацьстаяць», — падкрэсьліў Ігнат.
20 кастрычніка Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што нарастае пагроза аднаўленьня наступу расейскай арміі на паўночным фронце, і дадаў, што гэтым разам яго кірунак можа быць зрушаны на захад беларуска-ўкраінскай мяжы, каб «перарэзаць асноўныя матэрыяльна-тэхнічныя артэрыі паставак узбраеньня і вайсковай тэхнікі ва Ўкраіну з краін-партнэраў».
Раней Галоўнае ўпраўленьне разьведкі Мінабароны Ўкраіны паведаміла, што Расея спрабуе ўцягнуць Беларусь у адкрытую вайну з Украінай.
Аднак антыкрызісны дарадца кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўкраіны Міхаіл Падаляк неаднаразова заяўляў, што Беларусь наўрад ці ўступіць у вайну ва Ўкраіне (у прыватнасьці, таму што ў яе «няма рэзэрваў і сіл»).