У першы дзень у войскі накіравалі каля 1000 прызыўнікоў, якія папоўняць шэрагі Сіл спэцыяльных апэрацый, 72 АУЦ і Менскай вайсковай камэндатуры. Усяго на ўкамплектаваньне Ўзброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фармаваньняў Рэспублікі Беларусь у кастрычніку-лістападзе плянуецца накіраваць каля 10 тысяч чалавек.
Акрамя таго, для праходжаньня службы ў рэзэрве ў гэты ж пэрыяд плянуецца накіраваць каля 200 чалавек.
На прызыўныя камісіі ўвосень належыць прызваць каля 60 тысяч маладых людзей.
«Мерапрыемствы прызыву арганізуюцца і праводзяцца згодна з заканадаўствам, безь якіх-небудзь зьменаў», — паведамілі ў Міністэрстве абароны.
Адпраўка новага папаўненьня ў войскі з абласных (Менскага гарадзкога) зборных пунктаў краіны, якая пачалася 20 кастрычніка, прадоўжыцца: ва Ўзброеныя сілы — па 4 лістапада, іншыя войскі і вайсковыя фармаваньні — па 30 лістапада 2022 году.
Раней улады Беларусі давалі шэраг вэрсій і абвяржэньняў рэжыму «контратэрарыстычнай апэрацыі», нібыта абвешчанаму ў краіне. Пра мабілізацыю ў краіне афіцыйна не заяўлялі.