Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 кастрычніка: затрымалі фатографа Руслана Мазаніка


Міліцыянт. Ілюстрацыйнае фота
Міліцыянт. Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць затрымліваць і арыштоўваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

У Менску ў другой палове дня 19 кастрычніка міліцыянты затрымалі фатографа Руслана Мазаніка, піша «Вясна». Папярэдне вядома, што яго даставілі ў РУУС Заводзкага раёну Менску.

Сваякам паведамілі, што журналіста затрымалі за нейкі рэпост у сацыяльных сетках. Праваабаронцам вядома, што Руслана Мазаніка затрымлівалі і ў 2021 годзе. Тады яму прысудзілі 13 дзён арышту.

Таксама паведамляецца пра затрыманьне сужэнцаў Міхаіла і Сьвятланы Воўчак. Пасьля ператрусу дома ў іх засталіся кот з сабакам.

Сьвятлана — былая выкладчыца і кіраўніца страйкаму БДУ. Яе з мужам неаднаразова затрымлівалі пасля 2020 году.

Сілавікі затрымалі экс-выкладчыцу БДУ Сьвятлану Воўчак і яе мужа Міхаіла

У Берасьцейскай вобласьці сілавікі затрымалі экс-выкладчыцу БДУ Сьвятлану Воўчак і яе мужа Міхаіла. Пра гэта паведамілі ў інстаграм-акаўнце smartpaseka.

Затрыманьне адбылося ўчора ўвечары. Дома ў сужэнцаў сілавікі правялі ператрус, а іх кот і сабака засталіся на вуліцы, піша smartpaseka.

У 2020 годзе Сьвятлану і Міхаіла Воўчакаў арыштоўвалі на 15 сутак за «ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (артыкул 23.34 КаАП). Сьвятлана называлася каардынатарам страйкаму БДУ. 18 верасьня 2021 году Сьвятлану Воўчак звольнілі з БДУ. Яна працавала факультэце радыёфізыкі і кампутарных тэхналёгій унівэрсытэту з 2014 году.

Супрацоўнікі магілёўскага ГУБАЗіКу і АМАП затрымалі жыхара Клічава за нібыта «ўдзел у экстрэмісцкім фармаваньні»

Днямі сілавікі раніцай уварваліся ў дом да мясцовага пэдагога дадатковай адукацыі і артыста Андрэя Гаварушкі. У віну яму ставіцца тое, што ён нібыта пакідаў камэнтары «ЎКантакце» ў падтрымку ініцыятывы «Честные люди», а таксама «запусьціў чат-бот „Плян Перамога“».

Дома ў мужчыны правялі ператрус, пасьля чаго яго павезьлі ў Магілёў, дзе дапыталі. Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, Гаварушка да гэтага часу не на волі.

2 гады і 6 месяцаў калёніі за «паклёп на Лукашэнку»

Сёньня праваабаронцам стала вядома, што яшчэ 7 ліпеня ў Ленінскім судзе Магілёва вынесьлі прысуд 53-гадовай жыхарцы Менску Галіне Кавалёвай, паведамляе «Вясна».

Яе абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 367 КК. Справу разглядала судзьдзя Тацяна Касьцюк.

Жанчыну затрымалі 14 сакавіка. Паводле вэрсіі сьледзтва, 18 лютага яна прыехала зь Менску ў Магілёў, дзе на прыпынках грамадзкага транспарту расклеіла тэксты і выявы «з заведама непраўдзівымі сьведчаньнямі, якія прыніжаюць гонар і годнасьць Лукашэнкі, спалучанымі з абвінавачаньнем у асабліва цяжкім злачынстве».

Галіна падавала апэляцыйную скаргу на прысуд, але суд пакінуў рашэньне бязь зьменаў.

У Берасьці 2,5 года калёніі прызначылі палітвязьню па «справе Зельцара»

У Берасьцейскім абласным судзе па «справе Зельцара» асудзілі 34-гадовага палітзьняволенага Яўгена Тазава. Паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці) Крымінальнага кодэксу судзьдзя Дзьмітры Куроўскі прызначыў яму два з паловай гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна».

Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, Тазаў напрыканцы верасьня 2021 году «разьмясьціў у дэструктыўным Telegram-чаце камэнтар пад публікацыяй адносна гібелі пры выкананьні службовага абавязку супрацоўніка КДБ Дзьмітрыя Федасюка, у якім нэгатыўна адазваўся ў цэлым аб прадстаўніках праваахоўнага блёку, а таксама выказаў заклікі да гвалтоўных дзеяньняў у дачыненьні да іх».

У Мазыры затрымалі юнака за абразу Лукашэнкі

Затрыманага 2001 году нараджэньня завуць, меркавана, Сяргей Гулін, паведамляе «Вясна». У так званым «пакаяльным» відэа ў тэлеграм-канале, блізкім да сілавікоў, хлопец кажа, што пісаў абразы ў бок супрацоўнікаў міліцыі і Лукашэнкі, а таксама заклікаў перакрыць мост у Мазыры «для гісторыі».

Гэтае відэа суправаджаецца тэкстам ад сілавікоў пра тое, што акрамя таго, што расказаў сам Сяргей, ён яшчэ і «маляваў свастыку балёнчыкам на помніках і платах» і «распальваў нянавісьць у беларускім сэгмэнце інтэрнэту».

ГУБАЗіК затрымаў жыхарку Магілёва Аксану Юр’еву

На «пакаяльным відэа» жанчына кажа, што з пачатку вайны падтрымлівала Ўкраіну і актыўна пісала камэнтары на гэтую тэму. У адным зь іх яна нібыта абразіла Лукашэнку.

Праваабаронцы адзначаюць, што пасьля затрыманьня сілавікі «захапілі» акаўнты жанчыны ў сацсетках: паставілі на «аватарку» дзяржаўны сьцяг, а ў статус — «За Беларусь».

Міліцыя цікавіцца «палітычнымі» жыхарамі Сеніцы, Юбілейнага і ваколіц

Праваабаронцам стала вядома, што супрацоўнікі міліцыі на гэтым тыдні прыходзяць да некаторых жыхароў Сеніцы, Юбілейнага і ваколіц — у асноўным да тых, каго раней затрымлівалі за «палітыку». Некаторых людзей запрашаюць на размовы.

Як лічаць мясцовыя жыхары, гэта можа быць зьвязана з тым, што ноччу з 3 на 4 кастрычніка спалілі рэлейную шафу BelToll у Шчытамірычах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG