Арцёма Анішчука перавялі ў Бабруйск
У судзе Ленінскага раёну Магілёву 25 ліпеня Арцёма Анішчука асудзілі па новай крымінальнай справе за абразу міліцыянта. Арцём мусіў выйсьці на волю 29 чэрвеня, адбыўшы цалкам тэрмін, але гэтага не адбылося — яго ўзялі пад варту па новай справе. У выніку судзьдзя Нікіфарава склала прысуды па дзьвюх крымінальных справах (нават па той, па якой Арцём цалкам адбыў тэрмін) і прызначыла палітвязьню ў суме 3 гады калёніі, два з якіх ён адбыў.
Арцёму засталося адбываць яшчэ каля года зьняволеньня, піша «Вясна».
Стала вядома, што днямі Арцёма перавялі ў бабруйскую калёнію № 2. Акрамя гэтага, МУС унёс палітвязьня ў «сьпіс экстрэмістаў». Палітвязень заяўляў пра катаваньні ў ПК-15.
Арцём Анішчук — былы супрацоўнік менскага мэтро. Летась на Анішчука, былога супрацоўніка Менскага мэтрапалітэну, завялі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі магілёўскай калёніі № 15. Тады палітвязень заяўляў пра фізычны і псыхалягічны ціск, на знак пратэсту супраць гэтага праглынуў мэталічныя прадметы.
У выніку пракуратура вынесла пастанову аб спыненьні крымінальнай справы, але яе не закрылі. У гэтай жа калёніі Арцёма пазбаўлялі спатканьняў і прэсы. Таксама вядома, што Анішчук цяжка перанёс каранавірус.
Натальля Дуліна ў СІЗА
Экс-выкладчыца Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Натальлю Дуліну адправілі ў СІЗА. Пра гэта піша тэлеграм-канал МДЛУ за свабоду.
Выкладчыцу затрымалі 3 кастрычніка, супраць яе пачалі справу паводле артыкулу 342 крымінальнага кодэксу за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, ці за актыўны ўдзел у іх. Паводле гэтага артыкулу ёй можа пагражаць да 3 гадоў зьняволеньня.
Са жніўня 2020 году дацэнтка пасьлядоўна выступае супраць гвалту. Яна падтрымала студэнцкі пратэст супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорсткасьці з боку сілавікоў. Дуліну некалькі разоў затрымлівалі, у кастрычніку 2020 году яе арыштавалі на 14 сутак за падтрымку студэнцкага пратэсту і ўдзел у агульнанацыянальным страйку.
Падчас страйку яна зьвярнулася да студэнтаў у тэлеграм-канале «МДЛУ за свабоду» з заявай ад выкладчыкаў, якія выступаюць за перамены. Пасьля ўдзелу ў страйку дацэнтку звольнілі з МДЛУ. Дуліна лічыцца адным з найлепшых спэцыялістаў па італьянскай мове ў Беларусі.