Адзін з экс-кіраўнікоў сэпаратыстаў у Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны, датычны да стварэньня псэўдарэспублік «ДНР» і «ЛНР» Ігар Гіркін-Стралкоў, праўдападобна, зноў на фронце. Ягоная жонка апублікавала ў інтэрнэце фота Гіркіна ў вайсковай форме.
На імаверную паездку на Данбас на вайну ўказвае і тое, што звычайна вельмі актыўны ў інтэрнэце вайсковец раптам перастаў рабіць публікацыі і выступаць. У папярэднія месяцы ён неаднаразова крытыкаваў пуцінскую «спэцапэрацыю», кажучы, што яна вядзе Расею да поўнага правалу. Таксама Гіркін некалькі разоў назваў «спэцапэрацыю» «вайной», хоць за гэта перасьледуюць па цяперашніх расейскім заканадаўстве.
Гіркін заклікаў да больш рашучых і бязьлітасных дзеяньняў супраць Украіны, аднак прызнаваў, што ў расейскім войску няма дастаткова ні сілы, ні духу на захоп новых тэрыторый суседняй дзяржавы. Акрамя таго, ён неаднаразова крытыкаваў кіраўнікоў так званых «ЛНР» і «ДНР», вінавацячы іх у прадажнасьці, махлярстве і сквапнасьці.
Ва Ўкраіне пасьля навіны пра імаверны прыезд Гіркіна-Стралкова на фронт пачаўся збор грошай на ўзнагароду за ўзяцьце яго ў палон. Ужо сабрана 50 тысяч даляраў. Грошы на захоп вядомага расейскага баевіка даў і кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.
Ігар Гіркін-Стралкоў падтрымлівае ідэалёгію расейскага імпэрыялізму, па поглядах — манархіст. У 90-я гады ён удзельнічаў у вайне ў Прыднястроўі супраць Малдовы на баку прарасейскіх сэпаратыстаў, а затым на Балканах супраць Босьніі і Герцагавіны на баку Рэспублікі Сэрбскай. Потым служыў ва Ўзброеных сілах Расеі і ў ФСБ.