6 кастрычніка Лукашэнка расчыхвосьціў чыноўнікаў за рост цэнаў і забараніў іх павышаць. За павышэньне цэнаў завялі больш як дзясятак крымінальных спраў. Глядзім, ці зьмяніліся цэны за тыдзень.
Гародніна
6 кастрычніка ў пятніцу на сайце «е-дастаўка» кіляграм гуркоў каштаваў 4 рублі 79 капеек. Праз тыдзень, 14 кастрычніка, — 3 рублі 28 капеек. Патаньнеў на 31%.
Кіляграм цыбулі каштаваў 6 кастрычніка 1 рубель 29 капеек, а праз тыдзень — 1 рубель 10 капеек. Патаньнеў на 14%.
Бульба каштавала 99 капеек за кіляграм, чырвоная бульба — 1 рубель 19 капеек. Цяпер бульба каштуе 0,81 рубля, або на 18% менш. Чырвоная бульба патаньнела на 24%.
Беларускія таматы каштавалі 4 рублі за кіляграм, цяпер каштуюць 2 рублі 86 капеек — патаньнелі на 35%.
Мяса
Тыдзень таму кіляграм сьвініны (лапаткавая частка) каштаваў 15 рублёў 95 капеек, цяпер лапаткавую частку знаходзім за 14 рублёў 55 капеек, або на 8% таньней.
Галёнка кураняці каштавала 5 рублёў 49 капеек за ўпакоўку на 750 грамаў. Столькі ж каштуе такая ж упакоўка цяпер.
Хлеб, мука
Батон «Сталіца» нарэзаны тыдзень таму каштаваў 2 рублі 05 капеек, цяпер каштуе столькі ж. Іржаны хлеб «Траецкі» каштаваў 1 рубель 08 капеек, і цяпер гэтулькі ж.
Кіляграм «Лідзкай» мукі як каштаваў тыдзень таму 1 рубель 47 капеек, так і каштуе цяпер.
Малако, яйкі
Літар малака ад «Беллакт» на 2,2% тлустасьці таксама не зьмяніўся ў цане: як быў 1 рубель 65 капеек, так і застаўся.
Дзясятак яек ад Аршанскай птушкафабрыкі С2 як каштаваў 2 рублі 35 капеек, так і каштуе цяпер.
Садавіна
Кіляграм бананаў тыдзень таму каштаваў 5 рублёў 25 капеек, цяпер патаньнеў на 10 капеек, або на 2%.
Кіляграм вінаграду «Тайфі» каштаваў 3 рублі 99 капеек, цяпер такога проста няма. Кіляграм мандарынаў каштаваў 6 рублёў 49 капеек, цяпер мандарынаў не знаходзім. Пэрсікі як каштавалі 5 рублёў 05 капеек за кілё, так і каштуюць.
Яблыкі «Гала» таксама не зьмяніліся ў цане — 3 рублі 15 капеек за кілё.
Чытачы Свабоды расказалі, што «асабліва не заўважылі ні росту цэнаў, ні іх падзеньня за тыдзень». Аднак «некаторыя тавары зьніклі». Асабліва гэта тычыцца курыных частак, напрыклад, філе. Бо нядаўна крамам забаранілі самім разьбіраць птушыныя тушкі.