Лінкі ўнівэрсальнага доступу

NASA паведаміла, што ўпершыню ў гісторыі чалавецтву ўдалося зьмяніць арбіту астэроіда


Апошняе фота паверхні астэроіда Дыморфа, зробленае зондам DART за імгненьне да сутыкненьня. Фота апублікавана 26 верасня 2022
Апошняе фота паверхні астэроіда Дыморфа, зробленае зондам DART за імгненьне да сутыкненьня. Фота апублікавана 26 верасня 2022

Касьмічнае агенцтва Злучаных Штатаў NASA 11 кастрычніка прызнала ўдалай «місію выратаваньня Зямлі ад сутыкненьня з астэроідам».

Як заявілі ў агенцтве, зонду DART удалося зьмяніць арбіту 160-мэтровага астэроіда Дыморфа (Dimorphos), пратараніўшы яго на адлегласьці 11 мільёнаў кілямэтраў ад Зямлі.

«Гэта пераломны момант для плянэтарнай абароны і пераломны момант для чалавецтва», — заявіў у аўторак на брыфінгу дырэктар NASA Біл Нэльсан. Місія абышлася амэрыканскаму бюджэту больш як у 320 мільёнаў даляраў.

Назіраньне ажыцьцяўлялася з дапамогай абсэрваторый на Зямлі і касьмічных тэлескопаў «Хабл» і «Джэймс Уэб». Дыморф абарачаецца вакол большага астэроіда Дыдыма. Да сутыкненьня са спадарожнікам адно абарачэньне вакол арбіты праходзіла за 11 гадзін 55 хвілін. Цяпер гэты час скараціўся да 11 гадзін 23 хвілін.

DART сутыкнуўся з Дыморфам у канцы верасьня на хуткасьці каля 24 тысяч кілямэтраў за гадзіну. Апарат быў запушчаны з базы ў Каліфорніі летась у лістападзе. З моманту сутыкненьня навукоўцы вывучалі, ці ўдалося ім зьмяніць траекторыю астэроіда.

У будучыні такім чынам плянуецца зьмяняць арбіту касьмічных целаў, якія могуць сутыкнуцца зь Зямлёй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG