DART (Double Asteroid Redirection Test, «Экспэрымэнт па зьмене арбіты падвойнага астэроіда») быў запушчаны ў лістападзе летась з базы Касьмічных сіл ЗША Вандэнбэрг у Каліфорніі.
Трансьляцыя з Цэнтру кіраваньня праектам вялася ў YouTube.
Апарат на хуткасьці каля 24 тысяч км/г сутыкнуўся з Дыморфам, які круціцца вакол буйнейшага астэроіда Дыдым. У выніку арбіта Дыморфа павінна зьмяніцца. У будучыні амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA плянуе перанакіроўваць так касьмічныя целы, якія могуць сутыкнуцца зь Зямлёй.
Зьмену арбіты павінны пацьвердзіць назіраньні з тэлескопаў, якія сачылі за сутыкненьнем. Кратэр ад DART павінен сфатаграфаваць італьянскі мікраспадарожнік LICIACube, які, як плянуецца, праляціць за 50 кілямэтраў ад астэроіда. У 2027 годзе Дыморф і Дыдым павінна наведаць эўрапейская касьмічная станцыя «Гера».
У NASA лічаць, што экспэрымэнт быў пасьпяховым. Дырэктар агенцтва Біл Нэльсан заявіў, што праграма скончылася з «беспрэцэдэнтным посьпехам». «NASA вывучае космас і нашу родную плянэту, але працуем і над абаронай нашага дома. Міжнароднае супрацоўніцтва ператварыла навуковую фантастыку ў навуковы факт», — сказаў ён.