Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праверка за каўбасу і крыміналка за рэкляму на FM-станцыі: Як улады караюць за рост цэнаў


6 кастрычніка Лукашэнка забараніў павышаць цэны на тавары. Ужо праз 4 дні КДК адрапартаваў пра 10 крымінальных спраў за павышэньне цэнаў. Глядзім, каго і за што караюць.

«Каўбаса каштавала даражэй на 2 рублі»

Ужо 8 кастрычніка КДК паведаміў пра завышэньне цаны на каўбасу ў Лідзе на 2 рублі. Пра гэта ў эфіры АНТ расказаў Юрый Кардымон, намесьнік начальніка аддзелу Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

«У продажы знаходзіліся чатыры віды найменьняў каўбасных вырабаў, па якіх была неабгрунтавана завышана цана. Розьніца даходзіла да двух рублёў. Была ня проста пераклейка цэньнікаў, а фактычная рэалізацыя грамадзянам каўбасных вырабаў па завышаных цэнах», — сказаў ён.

Цяпер сілавікі праводзяць праверку, па выніку якой можа быць заведзеная крымінальная справа.

«Завышалі цэны на гародніну»

Пра другі выпадак у эфіры «Беларусь-1» паведаміла прадстаўніца КДК Тацяна Самохіна. Нібыта адно з бабруйскіх прадпрыемстваў прадавала гародніну дзяржаўным прадпрыемствам па завышаных цэнах. Па асобных пазыцыях нацэнка складала да 600%. Пастаўкі ж зьдзяйсьняліся са студзеня па жнівень, то бок да замарозкі цэнаў Лукашэнкам.

На дырэктара прадпрыемства завялі крымінальную справу за перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Яму пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.

Крыміналка за рэкляму на радыё

Згодна з інфармацыяй КДК, яшчэ адну крымінальную справу завялі на ІП-шніка з Магілёва, які разьмясьціў рэкляму аднаго зь мясакамбінатаў Менскай вобласьці на радыё ў FM-дыяпазоне.

Нібыта прадпрымальнік нанёс страты дзяржаве, бо кошт ягоных паслуг у 10 разоў перавышаў затраты. Пракуратура Барысаўскага раёну завяла на прадпрымальніка крымінальную справу, ён затрыманы.

«Завышалі цэны на кампутары»

Яшчэ адну справу завялі на буйнога пастаўшчыка кампутарнай тэхнікі, абсталяваньня і праграмнага забесьпячэньня. Нібыта арганізацыя пастаўляла тавары ў інтэрнэт-крамы па курсе даляра, які на 25–30% перавышаў усталяваны Нацбанкам. Таму цэны на тавары і паслугі павышаліся.

Кіраўнік арганізацыі затрыманы, сілавікі распачалі крымінальную справу.

Як яшчэ пужаюць сеткі крамаў і прадпрымальнікаў

Адразу пасьля заявы Лукашэнкі аб недапушчальнасьці росту цэнаў КДК анансаваў у крамах буйныя праверкі і апублікаваў спэцыяльны тэлефонны нумар прымаць даносы.

Генпракуратура запатрабавала ад Сьледчага камітэту, МУС і ДФР КДК неадкладна распачынаць крымінальныя справы па кожным факце парушэньня заканадаўства, якое пацягнула за сабою неабгрунтаваны рост цэнаў, затрымліваць падазраваных і абіраць меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту.

Якк вядома на 10 кастрычніка, па факце росту цэнаў распачалі ўжо 10 крымінальных спраў.

10 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што галоўнае — «не забарона на рост цэнаў».

«І я хачу, каб вы разумелі. Як тут некаторыя пачынаюць выць і стагнаць, асабліва з-за мяжы… Галоўнае — не забарона на рост цэнаў. Не забарона. Чытайце дырэктыву. Галоўнае — гэта выпрацоўка сыстэмы кантролю за цэнаўтварэньнем. А да выпрацоўкі гэтай сыстэмы (гэта ўсяго толькі некалькі дзён), так, цэны расьці не павінны», — сказаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG