«Учора, 10 кастрычніка, рашысты выкралі і імаверна катуюць намесьніка генэральнага дырэктара Запароскай АЭС па пэрсаналу Валерыя Мартынюка і трымаюць яго ў невядомым месцы, імаверна выкарыстоўваючы характэрныя ім мэтады катаваньня і запалохваньня», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскай кампаніі.
У кампаніі «Енергоатом» перакананыя, што такім чынам расейцы спрабуюць атрымаць усю неабходную ім інфармацыю з асабістымі справамі супрацоўнікаў станцыі.
«Зьвяртаемся да генэральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі і ўсёй міжнароднай супольнасьці з заклікам задзейнічаць усе захады для тэрміновага вызваленьня Валерыя Мартынюка з палону расейскіх акупантаў і вяртаньня яго да выкананьня службовых абавязкаў», — адзначаецца ў паведамленьні ўкраінскай кампаніі.
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведаміла, што ўсе шэсьць блёкаў на станцыі адключаныя, а расейцы прымушаюць супрацоўнікаў падпісваць кантракты з расейскай кампаніяй «Росатом».
30 верасьня расейскія акупацыйныя ўлады гораду Энэргадар Запароскай вобласьці затрымалі генэральнага дырэктара Запароскай АЭС Ігара Мурашова. Яго вызвалілі на пачатку кастрычніка пасьля ўмяшаньня генэральнага дырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі.