«Злучаныя Штаты рашуча асуджаюць сёньняшнія ракетныя ўдары Расеі па тэрыторыі Ўкраіны, у тым ліку па Кіеве. У выніку гэтых удараў загінулі і атрымалі раненьні грамадзянскія асобы, а таксама зьнішчаны аб’екты, якія ня маюць якога-небудзь ваеннага прызначэньня. Гэтыя ўдары яшчэ раз прадэманстравалі крайнюю жорсткасьць беззаконнай вайны спадара Пуціна супраць украінскага народа», — гаворыцца ў заяве Байдэна.
«Мы прыносім нашы спачуваньні семʼям і блізкім тых, хто сёньня быў бессэнсоўна забіты, а таксама нашы пажаданьні больш хуткага акрыяная параненым», — падкрэсьліў кіраўнік Белага дома.
Прэзыдэнт ЗША заявіў, што «гэтыя ўдары толькі яшчэ больш умацоўваюць нашу прыхільнасьць падтрымліваць народ Украіны столькі, колькі спатрэбіцца. Разам з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі мы працягнем рабіць усё, каб Расея адчула цану сваёй агрэсіі». Джо Байдэн паабяцаў таксама, што ЗША і саюзьнікі зробяць усё, каб «прыцягнуць да адказнасьці Пуціна і Расею за ўсе злачынствы і ваенныя злачынствы, і аказваць усю неабходную падтрымку ўкраінскім сілам для абароны сваёй краіны і сваёй свабоды».
«Мы зноў заклікаем Расію неадкладна спыніць гэтую несправакаваную агрэсію і вывесьці свае войскі з Украіны», — заявіў Байдэн.
З моманту пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ЗША далі Кіеву дапамогу ў галіне бясьпекі на суму, якая перавышае $ 16, 8 мільярдаў, а таксама ўвялі супраць Масквы шырокі спэктар эканамічных санкцый за вайну ва Ўкраіне.