«ААН і краіны-чальцы павінны вырашыць праблему “разрыву ў адказнасьці” і даць шанец на справядлівасьць сотням тысяч ахвяр ваенных злачынстваў. Бяз гэтага ўстойлівы мір у нашым рэгіёне немагчымы. Неабходна стварыць міжнародны трыбунал і прыцягнуць да адказнасьці Пуціна, Лукашэнку і іншых ваенных злачынцаў», — напісала Матвійчук у Фэйсбуку празь некалькі гадзін пасьля таго, як яе арганізацыя была названая адным зь ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру.
«ААН і дзяржавы-чальцы павінны рэфармаваць міжнародны мір і бясьпеку, каб стварыць гарантыі для ўсіх краін і іх грамадзян, незалежна ад іх удзелу або няўдзелу ў вайсковых блёках або ад вайсковай магутнасьці. Расею трэба выключыць з Рады бясьпекі ААН за сыстэматычныя парушэньні Статуту ААН», — дадала яна.
«Цэнтар грамадзянскіх свабод» падзяліў сёлетняга Нобэля з расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мэмарыял» і зьняволеным беларускім праваабаронцам Алесем Бяляцкім.