Як паведамляе партал «Зеркало» , усё гэта прадугледжана новым палажэньнем «Аб установе вышэйшай адукацыі», якое было прынятае Міністэрствам адукацыі ў верасьні і афіцыйна апублікаванае 6 кастрычніка.
Сярод задачаў установаў вышэйшай адукацыі «арганізацыя ідэалягічнай і выхаваўчай работы» значылася і ў ранейшым такім дакумэнце, які дзейнічаў з 2012 году. Аднак яна не была прыярытэтнай, найперш ВНУ павінны былі займацца навучаньнем студэнтаў і навуковай працай.
Цяпер жа навуковая дзейнасьць адышла на другі плян. Затое ў сьпісе асноўных кірункаў дзейнасьці зьявілася шмат новых пунктаў:
- рэалізацыя дзяржаўнай моладзевай палітыкі;
- арганізацыя ідэалягічнай і выхаваўчай работы;
- грамадзянскае, патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаваньне навучэнцаў.
Адпаведна дапоўненыя і функцыі ВНУ. Навуковыя і дасьледчыя функцыі зноў апынуліся сярод апошніх пунктаў, а вышэй за іх знаходзіцца «фармаваньне ў навучэнцаў грамадзянскасьці, патрыятызму і нацыянальнай самасьвядомасьці на аснове дзяржаўнай ідэалёгіі, духоўна-маральных каштоўнасьцяў, авалоданьня каштоўнасьцямі і навыкамі здаровага ладу жыцьця».
У пастанове 2012 году пунктаў пра «дзяржаўную ідэалёгію», «грамадзянскасьць» і «патрыятызм» не было.
Цяпер ідэалягічная і выхаваўчая праца абавязковая ня толькі на ўзроўні навучальных установаў у цэлым, але і катэдраў. Раней ідэалягічная праца ў функцыі катэдраў не ўваходзіла.
Палажэньне «Аб установе вышэйшай адукацыі» ўступае ў сілу з 7 кастрычніка. Яго дзеяньне распаўсюджваецца на ўсе ВНУ Беларусі, незалежна ад формы ўласнасьці.