Сярод іншага для ўладальнікаў аграсядзіб вызначылі ліміт колькасьці жылых пакояў — ня больш за дзесяць. Таксама для аграсядзіб увялі абмежаваньні для правядзеньня прэзэнтацый, юбілеяў, банкетаў і іншых імпрэз у непасрэднай блізкасьці ад суседніх жылых дамоў.
Новаўвядзеньні да аграсядзіб уводзяць указам № 351 «Аб разьвіцьці аграэкатурызму». Ім, сярод іншага, удакладнілі патрабаваньні да аб’ектаў аграэкатурызму што да колькасьці жылых пакояў для аграэкатурыстаў (ня больш за дзесяць), вядзеньня асабістай падсобнай гаспадаркі і колькасьці паслуг (ня менш за два віды).
Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, пералік паслуг, якімі могуць займацца ўладальнікі аграсядзіб, дапоўнілі правядзеньнем майстар-клясаў, накіраваных на азнаямленьне наведнікаў з рамёствамі і нацыянальнымі традыцыямі рэгіёну.
Для ўладальнікаў аграсядзіб таксама ўвялі адказнасьць за парушэньні грамадзкага парадку або спакою грамадзян (у тым ліку наведнікамі), невыкананьне заканадаўства ў сфэры санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва, прыродаахоўных, супрацьпажарных патрабаваньняў. Таксама для іх прадугледзелі абмежаваньні ў правядзеньні прэзэнтацый, юбілеяў, банкетаў і іншых імпрэз у непасрэднай блізкасьці ад суседніх жылых дамоў.
Чыноўнікі таксама прапісалі неабходнасьць атрыманьня ў райвыканкамах дазволу на вядзеньне дзейнасьці ў сфэры аграэкатурызму. Дзейныя аграэкасядзібы мусяць атрымаць такі дакумэнт да 1 ліпеня 2023 году.