Арцёма Мазаніка затрымалі 12 студзеня 2022 году ў межах крымінальнай справы аб групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу), за ўдзел у дзьвюх акцыях пратэсту. Таксама яго абвінавацілі ў незаконным зборы і распаўсюдзе пэрсанальных зьвестак (ч. 3 арт. 203-1 КК), закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361 КК), дапамаганьні ў распальваньні варожасьці (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 КК).
Арцёма Мазаніка, паводле інфармацыі сьледзтва, затрымалі 14 студзеня, а ў канцы ліпеня КДБ унёс Мазаніка ў сьпіс асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці. Да суду яго ўтрымлівалі ў СІЗА-1 Менску.
Працэс вёў судзьдзя Сяргей Хрыпач. 30 верасьня суд прызнаў Арцёма Мазаніка вінаватым і прызначыў яму пакараньне тэрмінам 8 гадоў ва ўмовах калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама суд прызнаў і перадаў у грамадзянскае вядзеньне пазоў ад прадпрыемства КУП «Менсктранс» аб спагнаньні матэрыяльнай шкоды ў сувязі са спыненьнем грамадзкага транспарту.
BelScan — праграма, якая дапамагала людзям выяўляць тавары беларускіх кампаній, што падтрымалі ўладу, для адмовы іх купляць, таксама аплікацыя дапамагала дэананімізаваць сілавікоў і чыноўнікаў.