Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Казаў, што будзе апошнім, хто выключыць сьвятло ў аэрапорце». 7 фактаў пра палітзьняволенага журналіста Яўгена Меркіса


Яўген Меркіс у судзе, архіўнае фота
Яўген Меркіс у судзе, архіўнае фота

«Ён інтэлектуал, ведае мовы, разьбіраецца ў гісторыі, музыцы, краязнаўстве і ня толькі. Ён на тры галавы вышэйшы за тых, хто схапіў яго і кінуў у турму», — калегі і сябры журналіста Яўгена Меркіса падзяліліся з Свабодай фактамі пра яго.

«Казаў, што будзе апошнім, хто выключыць сьвятло ў аэрапорце». 7 фактаў пра палітзьняволенага журналіста Яўгена Меркіса.

«Ён інтэлектуал, ведае мовы, разьбіраецца ў гісторыі, музыцы, краязнаўстве і ня толькі. Ён на тры галавы вышэйшы за тых, хто схапіў яго і кінуў у турму», — калегі і сябры журналіста Яўгена Меркіса падзяліліся з Свабодай фактамі пра яго.

1. Падлеткам жыў у Нямеччыне і заявіў, што хоча вярнуцца ў Беларусь

У 90-я гады маці Яўгена зьехала зь ім жыць у Нямеччыну. Там яны пражылі чатыры гады. «Яму было 12 гадоў, маці спыталася — ці хоча ён застацца ў Нямеччыне, ці вярнуцца ў Беларусь. Ён без ваганьняў сказаў, што хоча жыць у Беларусі. Яны пасьля вярнуліся. Ён праходзіў стажы і курсы ў розных краінах. Але нідзе сябе ня бачыў, апроч як у Беларусі. Пры нядаўняй сустрэчы перад арыштам ён казаў, што будзе апошнім, хто выключыць сьвятло ў аэрапорце», — расказала Свабодзе адна з калегаў журналіста.

Яўген Меркіс у дзяцінстве
Яўген Меркіс у дзяцінстве

У дзяцінстве Яўген марыў быць кіроўцам тралейбуса, палеантолягам, археолягам і прэзыдэнтам. «Жыцьцё ў Нямеччыне ў дзяцінстве прымусіла рана задумацца: хто я, адкуль? Немец, рускі, беларус? Для чаго мы едзем у сьвет з радзімы, чаго шукаць? Адказы я, калі жыў у Нямеччыне і мне было 10 гадоў, шукаў ва ўспамінах Дзянікіна і іншых людзей, якім давялося жыць за межамі радзімы, якія знаходзіў у нямецкай бібліятэцы», — расказваў Яўген у інтэрвію «Нашай ніве».

Праз пошукі сябе ён зацікавіўся гісторыяй, якая прывяла яго да беларушчыны. Яўген скончыў гістфак БДУ.

Журналіст дасканала валодае нямецкай мовай і выдатна — ангельскай, заўсёды размаўляе па-беларуску.

2. Прадзед быў чырвоным латыскім стралком, тата гуляў у футбол з Лукашэнкам

Прадзед Меркіса паходзіў зь літоўска-латыскага памежжа, быў чырвоным латыскім стралком. «У 30-я гады цудам пазьбег рэпрэсій, ледзьве не заплаціў жыцьцём. Выратаваў яго адзіны здымак, дзе ён быў на фоне сьцяга свайго палку. На радзіму ўжо не вярнуўся, асеў у Беларусі», — расказваў журналіст.

Ягоны тата са Шклова. «У 90-я была такая традыцыя — усе тамтэйшыя хлопцы і мужчыны зьбіраліся на выходных пагуляць у футбол, калі прыяжджалі да бацькоў. Гуляў там актыўна і Аляксандар Лукашэнка», — расказваў Яўген.

Ён любіў гісторыю. Спачатку паступіў на гістарычны факультэт у Гомлі. «Але яму падалося, што там невысокі, правінцыйны ўзровень, і ён перавёўся ў БДУ», — казала калега журналіста.

3. «Напярэдадні фільмаваньня зламаў ключыцу, але мужна здымаўся некалькі гадзін, нягледзячы на боль»

Калегі Яўгена ведаюць, што ў яго выдатны музычны слых і ён «страшэнны мэляман».

«Яшчэ студэнтам, адмаўляючы сабе ў неабходным, назьбіраў 600 даляраў на электрагітару», — расказвае калега журналіста. Яўген і цяпер любіць пайграць і пасьпяваць, прычым часта па-ангельску.

У Гомлі ён удзельнічаў у інтэлектуальных гульнях, быў вядоўцам шмат якіх праектаў — «Гомель offline», курсаў «Мова Нанова», пэўны час узначальваў краязнаўчую арганізацыю «Талака» (цяпер зьліквідаваная ўладамі. — РС).

«Калі мы рабілі праект „Гомель offline“, то Яўген паказаў сябе як таленавіты вядоўца. Напярэдадні аднаго сэансу здымак, заплянаванага на некалькі гадзін, ён зламаў ключыцу. Яму было, вядома, балюча. Паводле нашага сцэнарнага пляну ён мусіў усьміхацца і быць такім рухавым вядоўцам. І ён не скасаваў здымкі, толькі ў перапынках, калі камэра выключалася, дазваляў сабе пастагнаць. Гэта сьведчыць пра ягоную трываласьць і мужнасьць», — расказаў Свабодзе калега журналіста Мікола Бенька.

Яўген Меркіс (зьлева), архіўнае фота
Яўген Меркіс (зьлева), архіўнае фота

4. «На пратэстах „недармаедаў“ стаў зоркай стрыму»

У 2017 годзе ў Беларусі ішлі пратэсты супраць «дармаедзкага» заканадаўства. Яўген зьявіўся ў кадры тэлеканалу «Белсат» як вядоўца стрыму і захапіў аўдыторыю.

«Ягоныя стрымы глядзелі сотні тысяч чалавек, яго пазнавалі на вуліцах, гледачы пісалі, што хочуць толькі яго бачыць на стрымах як вядоўцу», — расказаў Мікола Бенька.

Яўген вёў стрымы ня толькі ў Гомлі, але і зь іншых гарадоў. Міліцыя палявала на яго, таму ён езьдзіў у іншыя гарады паводле правілаў кансьпірацыі — мяняючы аўтамабілі, sim-карты і нават аблічча.

«Ён не бянтэжыўся ў экстрэмальных сытуацыях, інтэлігентна, але рашуча і з гумарам адшываў правакатараў, якія лезьлі ў кадар, паводзіўся стрымана, годна, таму яго любілі гледачы», — кажа Мікола Бенька.

«Яго палюбілі гледачы, і гэта не засталося па-за ўвагай міліцыі. Яго хапалі, кідалі на „суткі“ па абсурдных абвінавачаньнях. Напрыклад, нібыта ён ішоў па вуліцы — адзін — і сам сабе лаяўся матам. Яўген мужна пераносіў усе выпрабаваньні», — кажа іншы калега журналіста.

Палітвязень Яўген Меркіс, архіўнае фота
Палітвязень Яўген Меркіс, архіўнае фота

5. Жонка рана памерла ад анкалёгіі, маці — ад хваробы сэрца

У 2012 годзе Меркіс страціў жонку — гісторыка і краязнаўцу Натальлю Маркевіч. Яна доўга і пакутліва змагалася з анкалёгіяй.

«Калі езьдзіш у Бараўляны па крэдыт на жыцьцё. Калі даюць тры месяцы да наступнай праверкі. Гэткае заўжды трывожнае, але шчасьце. Запомніў з тых часоў вельмі сапраўдную фразу: зараз цяжка, а будзе яшчэ цяжэй. Таму трэ выцягваць сябе самому. Літаральна часам як той Мюнхгаўзэн сябе з багны за валасы даставаў. Рацыянальна так. Бо а як па-іншаму? Трэ ставіць мэты і іх дасягаць», — разважаў журналіст у інтэрвію «Нашай ніве».

У 2017 годзе, калі ў Беларусі бушавалі пратэсты «недармаедаў», а Яўген вёў стрымы з розных гарадоў, у яго памерла маці ад хваробы сэрца. Засталіся тата-кардыёляг і брат зь цяжкім захворваньнем.

6. Ён сьніў сны па-беларуску

Яўген пачаў размаўляць па-беларуску яшчэ ў школе, калі ўдзельнічаў у алімпіядах з гісторыі.

«Ён у школе слухаў „Народны альбом“, НРМ і „Краму“, чытаў Караткевіча. Потым трапіў у беларускамоўную плынь на гістфаку БДУ. Казаў, што тады пачаў сьніць па-беларуску сны», — расказала Яўгенава калега.

Яўген меркаваў, што для папулярызацыі мовы трэба ствараць станоўчы вобраз беларускамоўнага. «Ён заклікаў быць на пазытыве, усьміхацца, не чапляцца да людзей і не патрабаваць ад іх нечага», — кажа калега журналіста.

7. Марыў стаць мэрам Гомля

Калега журналіста кажа, што Яўген марыў стаць мэрам Гомля. Таксама і з гэтай прычыны не пакідаў Беларусь.

«Ён займаўся ўрбаністычнымі праектамі, да 2020 году вёў блог, у якога было дастаткова праглядаў. Праўда, пасьля 2020-га асьцерагаўся яго весьці. Ён любіць Гомель, перажывае за яго, хоча, каб горад разьвіваўся. Яўген бараніў „драўляны Гомель“ ад чыноўнікаў, шмат рабіў для паляпшэньня інфраструктуры», — успамінае яго калега.

«Гомель меў сапраўдны замак, хай і драўляны, абарончыя равы, перажыў шмат аблогаў і войнаў. Да XIII стагодзьдзя быў даволі пасьпяховым гарадком, але спалены мангола-татарамі. Менавіта тут знайшлі цэлую збройную майстэрню — унікальная знаходка для Ўсходняй Эўропы. Пры аблозе ў XVII стагодзьдзі ў абароне ад казацкай навалы гераічна ўдзельнічаў шатляндзец капітан Г’ю Мантгомэры, а таксама вугорскія і нямецкія найміты, крымскія татары. І сёньня гэтыя факты страшэнна зьдзіўляюць гомельцаў, якія прызвычаіліся, што гораду нібыта і не было да Румянцавых», — апавядаў Яўген у інтэрвію «Нашай ніве».

«Ён мае шмат мараў і плянаў наконт разьвіцьця Гомля, паляпшэньня інфраструктуры, захаваньня гістарычнай спадчыны. Спадзяюся, ён хутка выйдзе і здолее рэалізаваць сябе», — дадала калега журналіста.

«Ён на тры галавы вышэйшы за тых, хто яго перасьледуе цяпер. Хай бы яны павучыліся ў Яўгена любові да Радзімы, роднай мовы. Хай цяпер гэта слабае суцяшэньне, але яны ствараюць Яўгену біяграфію на будучыню, бо ён сябе нічым не запляміў. Ён годна праходзіў і праходзіць усе выпрабаваньні, якія выпалі яму ў прафэсійнай дзейнасьці і асабістым жыцьці. Зычу яму, каб ён найхутчэй выйшаў на волю», — дадаў Мікола Бенька.

Яўген Меркіс ля суду ў Гомлі, 2017
Яўген Меркіс ля суду ў Гомлі, 2017

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG