Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 28 верасьня: журналіста Яўгена Меркіса перавялі ў СІЗА № 3, суд у «справе Аўтуховіча» зрабілі закрытым


Турма. Ілюстрацыйнае фота
Турма. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Вынесьлі прысуд палітвязьням за распаўсюд улётак з заклікамі лічыць галасы сумленна

Як паведамляе ініцыятыва дапамогі палітвязьням dissidentby, 23 верасьня фігурантам вынесьлі наступныя тэрміны:

  • Мікалаю Карабко — 2,5 года калёніі;
  • Тацяне Заяц — 2 гады калёніі;
  • Вячаславу Дашкевічу — 2 гады калёніі;
  • Міхаілу Хаміцэвічу — 2 гады калёніі.

Палітвязьні знаходзяцца ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Журналіста Яўгена Меркіса перавялі ў СІЗА № 3

Гомельскага журналіста, краязнаўца, гісторыка і ўрбаніста Яўгена Меркіса перавялі ў СІЗА № 3, паведамляе БАЖ.

Меркіса затрымалі 13 верасьня 2022 г. у Гомлі. У кватэрах журналіста, яго сяброў і пажылога бацькі правялі ператрусы з канфіскацыяй лічбавых носьбітаў.

Пазьней Яўгену Меркісу выставілі абвінавачаньне паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Палітвязьні Мікалай Сьлёз і Павал Берасьнёў выйшлі на волю пасьля адбыцьця тэрміну

Пра гэта паведамляе, правабарончы цэнтар «Вясна».

22-гадовага Мікалая Сьлёза абвінавацілі ў тым, што ён разам зь сябрам намаляваў на закінутым будынку дома культуры ў аграгарадку Кішчына Слабада два бел-чырвона-белыя сьцягі, а таксама размаляваў чырвонай і белай фарбамі два дрэвы і слуп. 8 сьнежня Сьлёзу прысудзілі 1 год «хіміі». Да суду амаль тры месяцы хлопец утрымліваўся ў СІЗА. Вядома, што шкоду ад малюнкаў ацанілі ў 51 рубель.

У красавіку Мікалая накіравалі ў папраўчую ўстанову № 9 у Віцебску. 28 верасьня ў яго скончыўся тэрмін адбыцьця пакараньня.

Маладачанец Павал Берасьнёў быў асуджаны паводле артыкулу 369 КК за абразу начальніка РАУС Маладэчна Вадзіма Прыгары на адзін год і шэсьць месяцаў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову («хімія»).

Пры гэтым Прыгара папрасіў пакараць Берасьнева пазбаўленьнем волі, а ў якасьці сваёй маральнай кампэнсацыі ён папрасіў перавесьці дзесяць тысяч рублёў у Радашковіцкі дзіцячы дом.

Тэрмін Павал адбываў у віцебскай папраўчай установе № 9. 26 верасьня ён выйшаў на волю.

Тэлеграм-каналы «Дзікае паляваньне» і «АЧК-Беларусь» прызналі «экстрэмісцкімі»

Адапаведныя рашэнні прынялі суд Ленінскага раёну Горадні і суд Баранавіцкага раёну.

Працягваецца працэс над праграмістам Арцёмам Мазанікам, які распрацаваў у 2020 годзе мабільную аплікацыю Belscan

Менскі гарадзкі суд працягвае разгляд крымінальнай справы палітзьняволенага праграміста Арцёма Мазаніка, які распрацаваў у 2020 годзе мабільную аплікацыю Belscan, паведамляюць праваабаронцы. Паводле абвінавачаньня, зь яе дапамогай Мазанік пашыраў інфармацыю аб прыватным жыцьці і пэрсанальныя зьвесткі сілавікоў і прадстаўнікоў улады.

Акрамя таго, мабільная аплікацыя дазваляла вызначаць вытворцаў тавараў па штрых-кодзе і правяраць іх прыналежнасьць да прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць дзейную ўладу. Сьледчы камітэт лічыць, што праграма таксама зьмяшчала заклікі да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі.

На папярэднім судовым пасяджэньні было абвешчана абвінавачаньне. Сёньня ў судзе вывучаюцца пісьмовыя матэрыялы справы.

Суд у «справе Аўтуховіча» зрабілі закрытым

Пра гэта паведамляе Intes-Press.

Суд у «справе Аўтуховіча» праходзіць з траўня ў Горадні. Разгляд справы быў адкрытым, аднак 19 верасьня суд вырашылі закрыць. Пра гэтае выданьню Intex-Press паведаміла жонка Уладзіміра Гундара, аднаго з абвінавачаных.

Нагадаем, што падчас суду абвінавачаныя калектыўна заявілі пра ціск на іх з боку шэрагу службовых асоб. А на знак пратэсту супраць розных формаў ціску падсудныя неаднаразова аб’яўлялі галадоўку.

На гэты момант у карцары знаходзяцца некалькі фігурантаў справы.

Пчаляр-паэт Мікола Папека адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні

Палітзьняволенаму пчаляру-паэту Мікалаю Папеку з Пружанаў, асуджанаму на два гады «хіміі» ў «справе карагодаў», у пачатку красавіка ўзмацнілі пакараньне і перавялі ў калёнію. Вядома, што адміністрацыя ўстановы ціснула на Міколу і рабіла супраць яго розныя правакацыі.

Былы палітвязень, журналіст Свабоды Алег Груздзіловіч, які нядаўна выйшаў на волю, расказаў, што Мікалай адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі.

У Менску затрымалі сужанцаў, у якіх двое непаўнагадовых дзяцей

Праваабаронцы паведамляюць, што сёньня раніцай затрымалі Сяргея і Вольгу Ламан. Перад гэтым у кватэры сужанцаў правялі ператрус.

Дома сям'і Ламан засталіся двое непаўнагадовых дзяцей.

Паводле папярэдняй інфармацыі, супраць Вольгі і Сяргея можа быць распачата крымінальная справа. Па якім артыкуле — невядома.

Галоўнага рэдактара «Бабруйскага кур’ера» асудзілі другі раз запар

27 верасьня Анатоль Санаценка павінен быў выйсьці на волю пасьля 15 сутак. Але адбыўся другі суд. Анатолю прысудзілі яшчэ 14 «сутак». Пры гэтым журналісту не дазволілі скарыстацца паслугамі адваката, піша БАЖ.

9 верасьня сайт «Бабруйскага кур’ера» перастаў адкрывацца як у Беларусі, так і за мяжой. Прычыны блякаваньня невядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG