Уладзімір Пуцін зноў прымае зь візытам Аляксандра Лукашэнку ў Сочы. У гэтым горадзе яны сустракаюцца ўжо не ўпершыню.
Сёлета Пуцін правёў з Лукашэнкам ужо шэсьць сустрэч.
«Мы ўбачылі, што можам жыць нармальна. Ніякага страху няма. Ну а Эўропа, калі адурэла, няхай думае», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба «Пул Первого».
На сустрэчы Лукашэнка ў адной заяве згадаў эмігрантаў зь Беларусі, якія нібыта «просяцца назад» і тэму ўцёкаў ад мабілізацыі ў Расеі.
«Ёсьць розныя людзі. Вось ёсьць нейкі водападзел і крытэр, у нас у 2020 годзе, у Расеі цяпер, які паказвае, хто ёсьць хто. У гэтым нічога дрэннага няма. У нас мабілізацыяй палохаюць, тут нехта пабег за мяжу. Слухайце, у Расеі 25 мільёнаў мабілізацыйны рэсурс. Добра, хай уцяклі 30 тысяч, ну 50 тысяч. А калі б яны тут засталіся, яны што, нашымі людзьмі былі б? Хай бягуць. Я ня ведаю, як вы да гэтага ставіцеся, а я асабліва не перажываў, калі ў 2020 годзе некалькі тысяч выехалі».
Кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін 21 верасьня абвясьціў мабілізацыю, назваўшы яе «частковай». Улады заявілі пра намер набраць у войска 300 тысяч рэзэрвістаў, якія адслужылі ў войску. Аднак, як пазьней паведамілі расейскія СМІ, улады плянуюць мабілізаваць на вайну з Украінай больш за мільён грамадзян.
З моманту абвяшчэньня мабілізацыі ў Расеі амаль кожны дзень праходзяць антываенныя акцыі пратэсту, колькасьць затрыманых ужо ідзе на тысячы. Таксама людзі падпальваюць ваенкаматы, у горадзе Усьць-Ілімск паранілі вайсковага камісара. У Дагестане людзі ўступілі ў процістаяньне з паліцыяй.